Мансэрат Кабалье прысудзілі паўгода турмы за махлярства
Суд Барселоны прысудзіў знакамітую оперную спявачку Мансэрат Кабалье да шасці месяцаў турмы за махлярства. Адбываць пакаранне яна, хутчэй за ўсё, будзе ўмоўна.
abc.es
Спявачка прызнала сваю віну — у зале пасяджэння яна асабіста не прысутнічала, а паказанні давала па відэасувязі, спаслаўшыся на дрэнны стан здароўя, паведамляе газета ABC. Акрамя таго, 82-гадовая Кабалье павінна будзе выплаціць штраф у памеры 254 231 еўра. Спявачка таксама не зможа атрымліваць дзяржаўную дапамогу на працягу паўтара гадоў і павінна будзе выплаціць яшчэ 72 тысячы еўра ў якасці працэнтаў за пратэрмінаваныя плацяжы.
Спявачку абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў у якасці фізічнай асобы ў 2010 годзе ў іспанскі скарб. Кабалье фармальна лічылася жыхаром Андоры, што і дазволіла ёй не плаціць падаткі ў Іспаніі. Аднак пракуратура ўстанавіла, што спявачка выкарыстала сваё нібыта «пражыванне» ў Андоры з адзінай мэтай — пазбегнуць выплаты падаткаў, хоць сама пастаянна жыла ў Барселоне.
У выніку Кабалье пагадзілася прызнаць сябе вінаватай і заплаціць штраф у памеры 250 тысяч еўра, а таксама пагадзілася з турэмным тэрмінам у шэсць месяцаў. Акрамя таго, яна ўжо вярнула ў дзяржаўную казну Іспаніі 508 тыс.
Паколькі гаворка ідзе пра пакаранне, якое прадугледжвае менш за два гады турмы, а раней спявачка не прыцягвалася да крымінальнай адказнасці, то гэты тэрмін хутчэй будзе ўмоўным.