Макейн паіранізаваў пра ўзаемныя пахвалы Пуціна і Трампа
Сенатар-рэспубліканец Джон Макейн у інтэрв'ю тэлеканалу Fox Business Network высмеяў кандыдата ў прэзідэнты ЗША Дональда Трампа за пахвалы на ягоны адрас ад Уладзіміра Пуціна.
«Самі нябёсы стварылі іх аднаго для другога, ім упару ажаніцца», — пажартаваў Макейн.
Ён таксама раскрытыкаваў Барака Абаму за яго пастаянныя саступкі Пуціну. «Такога патурання Крамлю я не бачыў ні ў адным прэзідэнце», — дадаў Макейн.
Макейн пракаментаваў заявы дзяржсакратара Джона Кэры аб станоўчых перспектывах вырашэння канфлікту ў Сірыі. «Самыя выдатныя каментары ад дзяржсакратара Джона Кэры, якія я калі-кольвек чуў», — пад'ялдыкнуў сенатар.
Раней паведамлялася, што кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп лічыць «вялікім гонарам» для яго станоўчую ацэнку, якую яму даў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падчас прэс-канферэнцыі.