Беларус паўстане перад судом у Польшчы за кантрабанду 15 кг бурштыну
На польска-беларускай мяжы затрымалі беларуса з 15 кг бурштыну, паведамляе Мытная палата Беластока.
У пункце пропуску Баброўнікі ў «Опелі» 34-гадовага грамадзяніна Беларусі ў багажніку знайшлі 5 пластыкавых пакетаў з неапрацаваным бурштынам.
Партыя стала самай вялікай кантрабандай бурштыну ў гісторыі Падляскай мытнай службы, паведамляецца на сайце Мытнай палаты.
Кіроўца патлумачыў, што перавозіў пакеты ў Польшчу па просьбе сябра і не меў паняцця пра тое, што ў іх знаходзіцца. Мытнікі высвятляюць, куды павінен быў трапіць затрыманы бурштын і хто павінен быў стаць яго атрымальнікам. Перавозчык адкажа за парушэнне перад судом, яму пагражае штраф. Кантрабандны бурштын ацэнены не менш чым у 15 тыс. злотых.