БЕЛ Ł РУС

Страляў па міліцыянтах — сеў на 25 гадоў

14.01.2016 / 14:49

УШ

У Віцебску вынеслі прысуд ураджэнцу пасёлка Калодзішчы Мінскага раёна. За серыю разбойных нападаў на крамы і замах на забойства міліцыянтаў 25-гадовы хлопец атрымаў столькі ж, колькі пражыў на свеце — 25 гадоў калоніі.

У верасні-кастрычніку 2014 ён рабаваў аб'екты гандлю. Пры гэтым хлопец выкарыстоўваў агнястрэльную зброю.

Ён раней не быў судзімы. Меў дзве юрыдычныя адукацыі — сярэднюю спецыяльную і вышэйшую. На момант затрымання нідзе не працаваў.

На працягу двух месяцаў ён абрабаваў пяць крамаў у Смалявіцкім раёне і Оршы. Прычым адзін з гандлёвых аб'ектаў ён «браў» двойчы. Агульная сума, «заробленая» разбоем - каля 20 мільёнаў рублёў.

Затрымалі злачынцу 30 кастрычніка 2014 года ў Оршы. Прадаўцы адной з крамаў паведамілі праваахоўнікам, што ў гандлёвы аб'ект зайшоў мужчына. Ён заявіў, што гэта рабаванне і запатрабаваў грошы. Работнікі крамы не паверылі яго пагрозам, аднак, мужчына дастаў пісталет і стрэліў тры разы - двойчы ў паветра, а адзін раз у нагу прадаўца.

Затрымалі правапарушальніка на чыгуначным прыпынку, літаральна за пару хвілін да прыбыцця цягніка.. У яго знайшлі два пісталеты і выбуховае прыстасаванне. Прычым на хлопцы была апранута бранякамізэлька, а пры затрыманні ён пяць разоў стрэліў у міліцыянтаў.

Страляў прыцэльна — у вобласць жыццёва важных органаў, паведамляе прэс-служба абласнога суда. Але міліцыянты атрымалі толькі лёгкія цялесныя пашкоджанні.

Малады чалавек незаконна купіў агнястрэльную зброю, боепрыпасы, захоўваў іх. Выбуховае прыстасаванне ён зрабіў сам. Таксама ён ўдасканаліў раней перароблены ў гладкаствольную агнястрэльную зброю сігнальны рэвальвер і насіў яго пры сабе.

На судзе хлопец тлумачыў, што, па-першае, ён хацеў такім чынам дапамагчы хворай маці, а па-другое - збіраўся выдаткаваць грошы на «акцыю міласэрнасці».

Суд прысудзіў яго да 25 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Першыя пяць гадоў злачынца правядзе ў турме, рэшту - у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Прысуд пакуль не ўступіў у сілу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула