Кабякоў абмеркаваў з Мядзведзевым расійска-беларускія гандлёва-эканамічныя адносіны
17 лютага па ініцыятыве беларускага боку адбылася тэлефонная размова прэм'ер-міністра Расійскай Федэрацыі Дзмітрыя Мядзведзева з яго беларускім калегам Андрэем Кабяковым, паведамляе прэс-служба ўрада Расіі.
«Кіраўнікі ўрадаў абмеркавалі актуальныя пытанні расійска-беларускіх гандлёва-эканамічных адносін і графік маючых адбыцца кантактаў, а таксама абмяняліся думкамі па праблематыцы інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў рамках Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі і Еўразійскага эканамічнага саюза», — гаворыцца ў паведамленні.
На нарадзе з урадам Беларусі 16 лютага Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра абяцаную фінансавую дапамогу з боку Расіі. Дапамога заключаецца ў рэфінансаванні крэдытаў і запазычаннях у Еўразійскага банка развіцця.
«Расіяне, пры ўсёй складанасці, вуснамі і прэм'ера, і прэзідэнта Расіі, з якімі я двойчы сустракаўся за тыдзень, прама сказалі: у нас няма іншага выйсця, як падтрымліваць Беларусь, таму што нашы там інтарэсы, мы шмат у чым залежым ад Беларусі», — сказаў Лукашэнка.
Ён нагадаў пра свой нядаўні візіт у Расію і адзначыў, што «былі праведзеныя найсур'ёзныя перамовы з вышэйшым кіраўніцтвам». «Сітуацыя няпростая, але не смяротная. І яны кажуць: так, не смяротная ні ў вас, ні ў нас. Але мы бачым нейкія разрывы ў фінансаванні і гэтак далей, мы дапаможам, у плане рэфінансавання і запазычання праз Еўразійскі банк развіцця», — паведаміў Лукашэнка.
Як вядома, Беларусь ужо каля года вядзе перамовы аб атрыманні новага крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР). Яго сродкамі, якія больш чым на 80% сфарміраваныя з расійскіх рэсурсаў, кіруе Еўразійскі банк развіцця. Першапачаткова гаворка ішла пра крэдыт у памеры 3 млрд. долараў. Пасля падчас перамоваў сума крэдыту была зніжаная да 2 млрд. долараў. Разам з тым у снежні 2015 года савет фонду прыняў рашэнне адкласці выдзяленне новай пазыкі Беларусі.