Парламент Германіі ўхваліў прыняцце абмежавальных мер па прыёме мігрантаў
Ніжняя палата нямецкага парламента падтрымала ўзмацненне жорсткасці міграцыйнага заканадаўства краіны, якога дамагалася канцлер Ангела Меркель.
429 дэпутатаў Бундэстагу прагаласавалі за прыняцце пакета законапраектаў, 147 — супраць.
Згодна з ухваленымі нормамі, заяўкі пэўнай групы мігрантаў будуць разглядацца ў паскораным рэжыме. Гэта тычыцца тых, хто прыбыў з краін, якія ў Германіі лічацца «бяспечнымі».
Мігранты з такіх краін будуць размяшчацца ў спецыяльных установах. Яны не змогуць самі выбіраць месца жыхарства ў ФРГ.
Таксама ў новых нормах прапісаныя змены для мігрантаў, якія не з'яўляюцца бежанцамі, але не падлягаюць вяртанню на радзіму ў сувязі з пагрозай пакарання ці катаванняў.
Такія мігранты змогуць выклікаць свае сям'і ў Германію толькі праз два гады. Звычайна ім даецца гадавы дазвол на жыхарства, які потым працягваюць.
Паскорыцца ў тым ліку працэс выправаджэння тых мігрантаў, якія не маюць права на атрыманне прытулку, і асуджаных замежнікаў.