Лукашэнка: Кожны чалавек мае права на выказванне ўласнага меркавання
Аляксандр Лукашэнка просіць кіраўнікоў не забываць, што кожны чалавек мае права на выказванне ўласнага меркавання. На гэта ён звярнуў увагу сёння, прымаючы кадравыя рашэнні, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
«У нас усё ж такі ўлада строгая, вельмі строгая. Людзі гэта адчуваюць. Але гэта не азначае, што мы людзей павінны пастроіць, як у арміі, і строем або, не дай бог, статкам некуды вадзіць і забараняць: крок улева, крок управа, слова не скажы, рот зашый. Ні ў якім разе гэтага рабіць нельга, — падкрэсліў ён. — Таму права чалавека сказаць тое, што ён думае, у патрэбным месцы: на сходзе, пры абмеркаванні з калегамі, вам адкрыта ў вочы — гэтага не трэба баяцца. Гэта плюс у нас будзе. Але калі прыйшоў на работу, там рот павінен быць, груба кажучы, зашыты, таму што там дыктат ажыццяўляе тэхналогія. Своечасова прыйшоў, зрабіў па тэхналогіі справу — ідзі. Бачыш нешта не так — папярэдзь кіраўнікоў сваіх, скажы, прапануй. Але вось гэта права чалавека гаварыць, абмяркоўваць, прапаноўваць — я вас прашу, вы помніце аб гэтым».
«Пераціскаць нельга. У нас людзі разумныя, яны разумеюць, як трэба жыць, як працаваць, і мы гэта ў людзях павінны падтрымліваць», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што Беларусь займае выгаднае геапалітычнае становішча, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, аднак у той жа час адкрыта з усіх бакоў. «Падстройвацца нікому ні пад што не трэба, трэба мець на ўвазе перш за ўсё свае нацыянальныя інтарэсы. Але трэба бачыць свет вакол, у якім напрамку ён рухаецца. І мы нікуды не дзенемся ад гэтага руху, недзе дашліфоўваючы, рэфармуючы, можа, удасканальваючы тую сістэму, якая ў нас створана», — сказаў кіраўнік дзяржавы.