БЕЛ Ł РУС

Прэзідэнт Турцыі абяцае «паставіць тэрор на калені»

14.03.2016 / 10:04

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган у адказ на выбух у Анкары абяцаў «паставіць тэрарызм на калені». Паводле яго слоў, трагедыя, якая забрала жыцці дзясяткаў людзей, толькі ўмацуе рашучасць сіл бяспекі краіны змагацца з тэрарыстамі.

Міністр унутраных спраў Турцыі Эфкан Ала заявіў, што расследаванне выбуху ў Анкары будзе скончана да панядзелка, і тады ж будуць названы імёны тых, хто арганізаваў акцыю.

Ён зрабіў гэтую заяву пасля надзвычайнай нарады кабінета міністраў, скліканага прэм'ер-міністрам Ахметам Давутаглу.

У нядзелю ўвечары начынены выбухоўкай аўтамабіль узарваўся на скрыжаванні дзвюх галоўных транспартных артэрый у сталіцы Турцыі.

Міністр аховы здароўя Турцыі Мехмет Муэзінаглу заявіў, што 30 чалавек загінулі на месцы выбуху, і яшчэ чацвёра памерлі ў бальніцы. Двое з загінулых былі, мяркуючы па ўсім, выканаўцамі выбуху.

Па словах кіраўніка Міністэрства аховы здароўя, у бальніцы Анкары дастаўлены 125 параненых, 19 з іх знаходзяцца ў крытычным стане.

Выбух адбыўся непадалёк ад парку Гювен, у адным з асноўных транспартных вузлоў Анкары. У раёне таксама маецца мноства крамаў.

Некалькі аўтамабіляў і адзін аўтобус, якія знаходзіліся паблізу месца выбуху, цалкам згарэлі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула