БЕЛ Ł РУС

Іван Кірчук: Міхалок — гэта палітыка ў шортах. А я спяваць «Купалінку» не хачу

29.03.2016 / 07:55

Гутарыў Улад Швядовіч

8 красавіка ў мінскім Тэатры эстрады (Маскоўская, 18а) — вялікі канцэрт «Троіцы». пачатак а 19.00.

Саліст этна-трыа «Тройца» Іван Кірчук пакідае Педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. З ім не працягнулі кантракт, кафедры этнаграфіі і этналогіі, дзе ён працаваў, больш не існуе. Кірчук распавёў «Нашай Ніве» пра сваё звальненне, пра тое, чаму ён не спадзяецца на дзяржаўныя грошы і як сумяшчаць хрысціянскую веру з паганскімі абрадамі.

— Пра звальненне. Гэта было нечаканасцю?

— Я загадзя ведаў, што гадзін на мае прадметы не будзе. Народныя спевы, практыкум па фальклоры, этнамузыка — гэтыя прадметы не патрэбныя. Была кафедра этналогіі і фалькларыстыкі. Цяпер яе няма. У гэтым годзе ў мяне засталося 0,25 стаўкі — і толькі завочнікі. А гэта ж фактычна тры сустрэчы. Што можна падрыхтаваць, чаму навучыць за тры сустрэчы?

— А як было раней?

— У мяне быў кабінет з музычнымі інструментамі, касцюмы. Са студэнтамі мы займаліся народнымі спевамі, народным тэатрам, батлейкай… Ва ўніверсітэце адпрацаваў 19 гадоў.

— Вы сышлі без крыўды?

— Так, нармальна. Хіба толькі летась быў такі момант, калі камендантка без усякага папярэджання зайшла ў наш кабінецік і сказала: «Сюды зараз будуць заносіць шафы!» Мне прыйшлося спешна вывозіць нашу калекцыю. Было непрыемна. А крыўды няма.

— Каб прафесійна запісваць такія песні, пэўна, патрэбны вялікія сродкі?

— Альбом «Зімачка» каштаваў нам 10 тысяч даляраў.

— Багатыя беларусы фінансуюць?

— На адзін наш выступ знаёмыя запрасілі вельмі багатага беларуса. Ён упершыню пачуў «Тройцу». Выйшаў, заплакаў і сказаў: «Усё, бяру скрыню гарэлкі і паеду піць!» Лепш бы ён падышоў да нас…

— А дзяржава?

– Ой, пра дзяржаву можаце нічога не гаварыць. Яна ніколі не фінансавала ні адзін наш праект. Да Міністэрства культуры мы ўжо нават не звяртаемся. Нават калі і дадуць што, то пасадзяць да нас пяць сваіх. Калі я вазіў ансамбль «Дзіва», то з намі ездзіла 13 асобаў лішніх — чыноўнікі — свет паглядзець.

– А як музыка, як ставіцеся да сучасных беларускіх выканаўцаў? У нейкім інтэрв’ю вы прызналіся, што не слухаеце нікога з іх.

– Гэта не значыць, што яны кепска граюць.

– Нават самыя папулярныя не падабаюцца? Той жа Міхалок?

– Міхалок — гэта палітыка ў шортах. Хай ён не крыўдуе, але я не бачу там музыкі.

– Вы таксама крытыкавалі ўсе музычныя фестывалі: і «Славянскі базар», і «Басовішча», і «Рок-каранацыю»…

– «Славянскі базар» — ніякі не этнічны фестываль. Людзі плацяць грошы, каб паглядзець, як выканаўца ходзіць па сцэне пад «фанеру».

— На «Басовішчы» жывыя выступы…

— «Басовішча» палітызаванае. Аднойчы пасля выступу на фестывалі мы фатаграфаваліся з хлопцамі, і тут падляцелі іх сябры, расцягнулі б-ч-б сцяг, зрабілі здымак. У нас і не спыталі нічога: можна ці нельга? А навошта быў той сцяг?

— То бок вы прынцыпова супраць палітыкі?

– А якая палітыка ў народных песнях? А людзі хочуць на гэтым ці то стварыць сабе рэкламу, ці то адпрацаваць тыя грошы, што ім далі.

– А «Рок-каранацыя» чым вам дрэнная?

– А што такое «Рок-карона»? У мяне ёсць чатыры, але я не разумею, за што. Што за назва? Кароны шкляныя надзяваюць дзяўчатам на конкурсах прыгажосці.

– Вы каталік, але займаецеся паганскімі абрадамі накшталт Купалля. Адно другому не пярэчыць?

— Так, я з каталіцкай сям’і: па бацькавай лініі ў мяне ёсць ксяндзы, па матчынай — манашкі. Таму ў пэўнай ступені ідзе такая барацьба з сабой. Старадаўнія паганскія абрады мне вельмі цікавыя, і, можа, каб я не быў каталіком, я б шчыльна гэтым займаўся. Але трэба было вырашыць для сябе, і я вырашыў: тое, што я раблю, — гэта не вера, гэта мастацтва. Бо тэкстаў зваротаў да зямлі, да вады ў нас не засталося, і калі я ў сваіх монаспектаклях звяртаюся да стыхій, то раблю гэта не як вернік-паганец, а як артыст. Гэта не вера — гэта тэатр. А што да рэлігіі… Сёння ўсе хочуць выжываць, я так гэта разумею. Я чуў, што праваслаўны святар прыходзіў на Купалле і асвячаў купальскае вогнішча. Каб быць з усімі? Смешна. Там агонь, але ў святара павінен быць свой агонь, што ў храме гарыць.

— Дзе зараз будзеце працаваць?

— Мяне запрасілі выкладаць курс «Традыцыйная народная культура» ў Інстытуце беларускай культуры. Толькі трошкі па-іншаму, бо тут будуць не студэнты, а слухачы, якія прыязджаюць на павышэнне кваліфікацыі.

– А стварыць штосьці сваё для аматараў не думалі? Накшталт моўных курсаў, якія цяпер вельмі папулярныя?

— Мяне запрашалі на майстар-клас па вакале, але я адмаўляўся. Бо народныя спевы — іншы падыход, гэта не сальфеджыа. Гэта складаная, доўгая праца па магнітафонных стужках. Са студэнтамі, якія мелі адукацыю і прыходзілі да мяне раз на тыдзень, адну песню мы часам рыхтавалі паўгода. Хто ж будзе хадзіць на такія курсы, дзе адну песню паўгода вучаць? А хадзіць і спяваць «Купалінку» не хачу.

***

Канцэрт «Тройцы» пройдзе 8 красавіка ў Маладзёжным тэатры эстрады (Маскоўская, 18а, ст. метро «Інстытут культуры»).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула