Беларуская чыгунка распарадзілася, каб абвесткі ў электрычках і дызелях рабіліся на роднай мове
Рэдакцыя сайта «Медыя-Палессе» атрымала ліст ад чытача Міколы, які жыве ў Лунінецкім раёне.
«Хацеў бы выразіць падзяку чыгуначнікам. Я быў вельмі ўсцешаны і настрой мой падняўся, калі я ехаў у цягніку з Лунінца ў Мікашэвічы і пачуў абвяшчэнне прыпынкаў па-беларуску. Вельмі добрая ідэя!».
Галоўны інжынер лакаматыўнага дэпо ст. Лунінец Дзмітрый Чарнавокі пракаментаваў: «Згодна з новым распараджэннем Беларускай чыгункі, памочнікі машыніста абвяшчаюць станцыі і дадатковую інфармацыю на беларускай мове. Мы рады, што пасажырам такое новаўвядзенне прыйшлося даспадобы».