Крэмль дапусціў абмен Надзеі Саўчанка. У тэорыі
Кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Расіі Сяргей Іваноў не выключыў магчымасць абмену ўкраінскай ваеннаслужачай Надзеі Саўчанка, прысуджанай расійскім судом да 22 гадоў калоніі, на двух расейцаў, якіх судзяць ва Украіне па абвінавачванні ў тэрарызме.
Адказваючы на пытанне журналістаў, Іваноў сказаў, што чыста тэарэтычна такі абмен магчымы пры выкананні дзвюх умоў: па-першае, павінна цалкам выконвацца расійскае заканадаўства, а па-другое, рашэнне аб абмене павінен прыняць прэзідэнт.
Адначасова Іваноў выключыў абмен Саўчанка ў рамках мінскіх пагадненняў аб перамір'і ў Данбасе, якія прадугледжваюць абмен усімі ваеннапалоннымі паміж бакамі канфлікту. Па словах Іванова, Расія ў лік бакоў канфлікту не ўваходзіць.
З прапановай абмяняць Саўчанка на двух затрыманых у Данбасе расейцаў раней выступіў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.