Святлана Калінкіна звольнілася з «Народнай волі»
Святлана Калінкіна. Фота Сяргея Гудзіліна.
— Ніякага канфлікту няма, проста ў мяне з’явіліся новыя ідэі і новыя праекты, — расказала ў панядзелак Святлана Калінкіна прэс-службе ГА «БАЖ».
Экс-шэф-рэдактарка «Народнай волі» распавяла, што сёння першы дзень, калі яна не працуе ў выданні. Загад пра звальненне Калінкінай галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч падпісаў на мінулым тыдні.
— Мы дамовіліся, што я працягну друкавацца ў «Народнай волі», але цяпер збіраюся заняцца і іншымі праектамі, пра што, магчыма, стане вядома праз тыдзень-другі.
Ніякага канфлікту з Іосіфам Сярэдзічам у нас не адбылося. Іосіф Паўлавіч паставіўся да майго звальнення па-філасофску і нават падпісаў загад 1 красавіка – патлумачыўшы, што яго заўсёды можна будзе скасаваць і назваць першакрасавіцкім жартам, – распавяла Калінкіна.
Святлана Калінкіна больш за дзесяць гадоў працавала ў незалежнай газеце, дзе апошнія гады была шэф-рэдактарам.
Сыход Калінкінай можа тлумачыцца перманентным фінансавым голадам у многіх незалежных СМІ. Заробкі там ніжэй за рынкавыя, што ўрэшце выклікае сыход прафесіяналаў у іншыя сферы. Незалежныя СМІ абмежаваныя ў сродках, бо апынуліся ў «пастцы інтэрнэту». Даходы ад продажу папяровых версій зніжаюцца, даходы ад рэкламы абмежаваныя з палітычных прычын, а фінансаваць СМІ сваімі ахвяраваннямі беларусы звычкі не маюць.