БЕЛ Ł РУС

Севярынца і Статкевіча будуць судзіць за акцыю прадпрымальнікаў ля Міністэрства па падатках і зборах

5.04.2016 / 15:50

Суд Маскоўскага раёна Мінска 6 красавіка разглядае адміністрацыйныя справы сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца і былога палітвязня Мікалая Статкевіча.

Палітыкаў абвінавачваюць у правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства 14 сакавіка каля будынка Міністэрства па падатках і зборах у Мінску.

Раней стала вядома, што ў гэты ж дзень суд разгледзіць і адміністрацыйную справу ў дачыненні да старшыні рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Анатоля Шумчанкі.

Як паведаміў Статкевіч, пра суд яго апавясцілі СМС-паведамленнем. Рэагаваць на яго палітык не мае намеру. Ён адзначыў, што на «хакераў не павядзецца».

Пры гэтым Статкевіч паведаміў, што з яго пенсіі сталі ўтрымліваць 20% у якасці аплаты папярэдніх штрафаў. «Няхай вылічваюць, можа, за гадоў 10 вылічаць. Мяне зараз наогул гэтыя штрафы не цікавяць. Я, калі быў у РУУС, перадаў дакументы, што ў мяне нічога няма ва ўласнасці», — сказаў ён.

Севярынец даведаўся пра суд з пратакола, які прыйшоў па пошце. «Прыйшоў пратакол за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў, што я на ёй крычаў «Жыве Беларусь!» і «Працу!», — паведаміў палітык.

Акрамя таго, Севярынцу прыйшлі яшчэ два пратаколы: за ўдзел у акцыі 25 сакавіка з нагоды Дня Волі і ў акцыі каля пасольства Расіі ў падтрымку асуджанай у Расіі ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі. Даты судоў па гэтых адміністрацыйных справах пакуль не вядомыя.

Нагадаем, 14 сакавіка каля будынка Міністэрства па падатках і зборах у Мінску Шумчанка і Статкевіч арганізавалі імправізаваны мітынг з удзелам прыкладна двухсот чалавек. Прадпрымальнікі перадалі ў МПЗ калектыўны зварот з патрабаваннем адмены ўказа № 222.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула