БЕЛ Ł РУС

Колькасць смяротных пакаранняў у свеце ў 2015 вырасла

6.04.2016 / 10:07

Nashaniva.com

У 2015 годзе ў свеце было выканана як мінімум 1634 смяротныя прысуды — рэкордная колькасць за апошнія 25 гадоў.

Пра гэта гаворыцца ў дакладзе праваабарончай арганізацыі Amnesty International.

Больш за ўсё пакаранняў смерцю ў свеце ажыццяўляецца ў Кітаі. Праваабаронцы адзначаюць, што гаворка ідзе пра тысячы пакаранняў смерцю ў год, але арганізацыя не прыводзіць дакладных дадзеных, паколькі гэтая інфармацыя ў Кітаі з'яўляецца дзяржаўнай таямніцай.

Акрамя Кітая, найбольшую колькасць пакаранняў смерцю, згодна з дакладам, ажыццявілі ў Іране, Пакістане, Саудаўскай Аравіі — 90% ад агульнай колькасці.

У Amnesty International падкрэсліваюць, што ў многіх краінах, дзе людзі былі прысуджаныя да смяротнага пакарання ці ўжо пакараныя, разгляд спраў не адпавядаў міжнародным стандартам. У некаторых выпадках прызнанні выбіваліся з выкарыстаннем катаванняў — у Бахрэйне, Кітаі, Іране, Іраку, Паўночнай Карэі і Саудаўскай Аравіі. На Мальдывах і ў Саудаўскай Аравіі зафіксавана смяротныя прысуды або пакаранні смерцю за шлюбную здраду, у Саудаўскай Аравіі і Іране — за злачынствы супраць ісламу.

Прынамсі 9 чалавек былі прысуджаныя да смяротнага пакарання за злачынствы, здзейсненыя імі ў непаўналетнім узросце — 4 у Іране і 5 у Пакістане.

У 2015 годзе было вынесена як мінімум 1998 смяротных прысудаў. Гэта менш, чым у 2014 годзе, калі іх было 2466.

Падкрэсліваецца, што ў 2014 годзе смяротных прысудаў было выканана на 50% менш: тады пакаралі смерцю 1061 чалавека ў 22 краінах.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула