БЕЛ Ł РУС

Клімкін: Рэферэндум не паўплывае на практычнае прымяненне асацыяцыі 

7.04.2016 / 9:9

СГ; інф. Інтэрфакс-Украіна

Вынікі рэферэндуму ў Нідэрландах не паўплываюць на практычнае прымяненне Пагаднення аб асацыяцыі Украіны з ЕС.

Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Украіны Павел Клімкін у чацвер у Токіо, перадае «Інтэрфакс-Украіна».

«З пункту гледжання практычнай імплементацыі цяпер нічога не мяняецца, пагадненне прымяняецца, як і раней, пакуль на часовай аснове. Так што ніхто не перажывае ніяк. І зона свабоднага гандлю, і сектаральнае супрацоўніцтва спакойна прасоўваюцца далей», — заявіў міністр, каментуючы папярэднія вынікі рэферэндуму ў Нідэрландах.

Ён дадаў, што Украіна супрацоўнічае з Брусэлем у межах існуючых органаў гэтага пагаднення і рэферэндум на гэты працэс не ўплывае.

«Такім чынам, не трэба весціся на пэўныя спекуляцыі, што гэта можа нейкім чынам паўплываць на практычную імплементацыю пагаднення», — растлумачыў міністр.

Кіраўнік МЗС дадаў, што цяпер улады Нідэрландаў і палітыкі будуць раіцца, як далей дзейнічаць.

«Вядома, з пункту гледжання разумення вынікаў — гэта стаўленне галандцаў да Еўропы, жаданне еўраскептыкаў пашкодзіць яе адзінству і гэта вельмі моцна адчувалася — мабілізацыя менавіта гэтага лагера», — сказаў Климкин.

Разам з тым, паводле яго слоў, украінскі бок «усё роўна спадзяваўся на трохі лепшы вынік».

«Мы заўсёды верым у перамогу і павінны за яе змагацца. Таму зараз еўраінтэграцыю Украіны не спыніць, мы будзем рухацца гэтым шляхам», — рэзюмаваў ён.

Нагадаем, паводле папярэдніх вынікаў, супраць Пагаднення аб асацыяцыі прагаласавалі 61% галандцаў. Рэферэндум выклікаў мабілізацыю ўсіх еўраскептыкаў Нідэрландаў, якія выступаюць супраць далейшага пашырэння саюза.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула