Беражкоў: Дакладна ведаю, што не буду помсціць
Прессбол
Былы генеральны менеджар хакейнага клуба «Дынама» (Мінск) Уладзімір Беражкоў, які выйшаў на волю пад падпіску аб нявыездзе, разлічвае, што яго справа не дойдзе да суда, і заяўляе, што не мае намеру вяртацца ў журналістыку.
Паведамленні аб тым, што суда не будзе, не адпавядаюць рэчаіснасці, заявіў БелаПАН Беражкоў.
«Мая справа яшчэ ў стадыі рашэння, трэба прайсці пэўны шлях і выканаць пэўныя ўмовы, каб справа магла вырашыцца па сутнасці і магла быць закрытая, каб суд сапраўды не адбыўся. Гэта — мэта, але да яе яшчэ трэба прыйсці. А што можа здарыцца заўтра — як паказвае сітуацыя, гэта непрадказальна», — сказаў ён.
Паводле слоў Беражкова, які з 1995-га па 2014 гады быў галоўным рэдактарам спартыўнай газеты «Прессбол», у журналістыку ён вяртацца не збіраецца, хоць ужо атрымаў прапанову ад былых калег. У той жа час былы топ-менеджар «Дынама» не выключыў, што калі-небудзь напіша кнігу пра дзень свайго арышту.
Галоўнай задачай у СІЗА Беражкоў лічыў захаванне здароўя, у тым ліку інтэлектуальнага: «Я разумеў адказнасць, якая на мне ўсё адно застаецца… Мне трэба было выхоўваць непаўналетніх дзяцей, мне трэба было, каб мая састарэлая мама, іншыя сваякі і сябры, якія за мяне вельмі перажывалі, атрымалі не кавалак расліны ці мяса, які трэба даглядаць, а паўнавартаснага чалавека, які быў бы яшчэ здольны дапамагаць ім».
Паводле слоў Беражкова, тых, хто не заслугоўвае поціску рукі, ён пераследаваць не збіраецца.
«Я ўвогуле шмат у чым пераацаніў сваё стаўленне да людзей і да жыцця. Прыйшоў да таго, што трэба больш дараваць, — адзначыў ён. — Чалавек сам па сабе як істота мае патрэбу ў спагадзе і выхаванні, а злосцю яго не выправіць. Злосць нямоглая ў гэтым плане. Таму я, шчыра кажучы, не ведаю яшчэ, як буду сустракацца і размаўляць з нерукапаціснутымі людзьмі, але дакладна ведаю, што ім не буду помсціць, што не буду рабіць супраць іх ніякіх дзеянняў, якія, скажам так, дрэнна паўплывалі б на іх здароўе, дзелавую і іншую рэпутацыю».
Глядзі таксама: Уладзімір Беражкоў. Забіў у сабе журналіста, але захаваў чалавека
***
Топ-менеджары ХК «Дынама» Максім Суботкін і Уладзімір Беражкоў былі затрыманыя летам 2015 года. У канцы ліпеня паводле абвінавачання ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, што пацягнула цяжкія наступствы ў выглядзе нанясення ўрону ў асабліва буйным памеры, затрымалі Суботкіна, які застаецца пад арыштам. У жніўні быў затрыманы Беражкоў — яму выставілі абвінавачанне ў завалоданні грашовымі сродкамі клуба на 1 млрд. 90 млн. рублёў з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў (ч. 4 арт. 210 КК).
1 лютага Следчы камітэт паведаміў аб завяршэнні расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да Беражкова і Суботкіна, а таксама пра тое, што яны кампенсавалі амаль 3 млрд. рублёў шкоды і папрасілі вызваліць іх ад крымінальнай адказнасці.
5 лютага старшыня СК Іван Наскевіч заявіў журналістам, што Беражкоў і Суботкін могуць быць памілаваныя, бо кампенсавалі нанесеную шкоду. Пры гэтым Наскевіч падкрэсліў, што з такім хадайніцтвам Беражкоў і Суботкін звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі. «Сказаць за кіраўніка дзяржавы, якое будзе рашэнне, я не бяруся, таму і пра судовую перспектыву казаць таксама заўчасна. Магчыма, яе і не будзе, калі іх прашэнне будзе задаволенае», — сказаў кіраўнік СК.