Абама падзякаваў Пуціну за выратаванне амерыканца ў Сірыі
Прэзідэнт ЗША Барак Абама ў тэлефоннай размове са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным падзякаваў яму за дапамогу ў вызваленні ў Сірыі амерыканскага грамадзяніна Кевіна Доўса.
10 красавіка сям'я амерыканскага фатографа-фрылансера Кевіна Патрыка Доўса заявіла, што ўдзячная ўрадам ЗША, Расіі і Чэхіі за намаганні, накіраваныя на яго вызваленне з-за кратаў у Сірыі.
За дзень да гэтага ў адміністрацыі Барака Абамы адмовіліся каментаваць інфармацыю пра тое, што ён прасіў расейскага лідара Уладзіміра Пуціна дапамагчы ў вызваленні Доўса урадам Сірыі. Пры гэтым у Белым доме падзякавалі Маскве за аказанае садзейнічанне. «Мы вітаем навіны пра тое, што грамадзянін ЗША быў вызвалены сірыйскімі ўладамі», — сказала намеснік прэс-сакратара Белага дома Джэніфер Фрыдмэн. У той жа час яна дадала, што «не можа каментаваць канкрэтныя размовы» прэзідэнта Злучаных Штатаў з лідарамі іншых краін.
1 красавіка Доўс быў дастаўлены ў Маскву расійскім ваенна-транспартным самалётам і перададзены амерыканскім дыпламатам, пасля чаго пакінуў тэрыторыю РФ. Мужчына перастаў выходзіць на сувязь у 2012 годзе. У Дамаску сцвярджаюць, што ён нелегальна перасёк турэцка-сірыйскую мяжу.