Столтэнберг: Канфлікт на Данбасе — не грамадзянская вайна
Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг заявіў, што на Расіі ляжыць асаблівая адказнасць за выкананне Мінскіх пагадненняў, бо яна працягвае падтрымліваць сепаратыстаў на паўднёвым усходзе Украіны.
Як заявіў Столтэнберг на прэс-канферэнцыі пасля пасяджэння рады «Расія—НАТА», большая частка рознагалоссяў паміж Паўночнаатлантычным альянсам і Расіяй тычыцца дзеянняў Масквы ў дачыненні да Крыма і сітуацыі на Данбасе.
«На сустрэчы было пацверджана, што ў нас глыбокія рознагалоссі датычна падзей ва Украіне і адказнасці за іх», — сказаў ён.
«Многія саюзнікі не згодныя са спробай Расіі прадставіць гэтыя падзеі як грамадзянскую вайну. Таму тут мы натыкнуліся на рознагалоссі», — рэзюмаваў кіраўнік НАТА.
Сталы прадстаўнік Расіі пры НАТА Аляксандр Грушко у сваю чаргу сказаў, што на сустрэчы абмяркоўваліся меры па дэмілітарызацыі Данбаса, уключаючы забарону на размяшчэнне паблізу ад лініі размежавання новых сістэм узбраенняў і дэмілітарызацыі.
Таксама Грушко адзначыў, што не бачыць перспектывы паляпшэння адносін паміж Расіяй і Альянсам з-за спробаў аказаць на Расію «ваенны ціск».
Як перадае агенцтва Рэйтэр, Грушко звязаў гэта з павелічэннем колькасці кантынгентаў НАТА ў суседніх з Расіяй краінах.
Пасяджэнне рады «Расія—НАТА», якое адбылося 20 красавіка, - першае пасля расійскай анексіі Крыма. Столтэнберг назваў праведзеную размову адкрытай.
Ён падкрэсліў, што гэтая сустрэча не з'яўляецца вяртаннем да нармальнай працы рады, але выказаў надзею, што рада зможа сустрэцца зноў у будучыні.