Міліцыя пакуль не каментуе спробу самаспалення мужчыны на Кастрычніцкай плошчы Мінска
Праваахоўныя органы пакуль не каментуюць спробу самаспалення мужчыны на Кастрычніцкай плошчы Мінска ўвечары 28 красавіка.
Інфармацыя аб здарэнні спачатку з'явілася ў сацсетках ад відавочцаў, затым пра гэта паведаміў тэлеканал «Беларусь 1». Перадавалася, у прыватнасці, што супрацоўнікі АМАП прадухілілі акт самаспалення мужчыны — аператыўна пачалі яго тушыць, а затым выклікалі хуткую дапамогу. Пацярпелы з сур'ёзнымі апёкамі быў дастаўлены ў бальніцу.
Паводле наяўнай інфармацыі, мужчына здзейсніў гэты ўчынак у стане адчаю: пасля скасавання шлюбу яму абмежавалі сустрэчы з дзіцем, а звароты ў розныя інстанцыі — суды і нават Адміністрацыю прэзідэнта — не далі плёну. Згодна са звесткамі тэлеканала, у дачыненні да гэтага чалавека раней было складзена 17 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях.