БЕЛ Ł РУС

Забі ў сабе Сакрата!

11.05.2008 / 09:17

Nashaniva.com

Я чакаю. Мяне папярэдзілі. Я цалую знутры тваю скронь. Ты навокал мяне, я ў сярэдзіне. Я — зьмяя ў тваім чэрапе, конь. Новыя вершы Веры Бурлак і Віктара Жыбуля.

Віктар Жыбуль


* * *

Учора ці пазаўчора —
ня памятаю ўжо калі —
мне здаўся халодным мой горад.
Я ўзяў — і яго спаліў.
У гурбах ягонага попелу
цяпер мне ўтульна й цёпла.


* * *

Калі было мне тры гады —
я браў з налёту гарады.
А з тых часоў, як пасталеў,
ніяк не заваюю хлеў.


ЦЯЖКІ ВЫПАДАК

Аднойчы мне здалося,
што ад мяне нічога не засталося.
І не было ў каго запытацца:
«А што ж ад мяне павінна застацца?»




* * *

Думаў: зараз прыляціць натхненьне,
а яно прыпёрлася на мыліцах.
Атрымаць хацеў задавальненьне,
а задавальненьня не атрымліваецца.


* * *

Ёсьць людзі блізкія,
а ёсьць і проста недалёкія.
Але найгорш —
калі два ў адным.




* * *

Я працягнуў руку дапамогі,
а мне ў адказ працягнулі ногі.


* * *

Запусьцілі мы ракету.
Быў Сусьвет — няма Сусьвету…




ЧАМУ Я ВЭГЕТАРЫЯНЕЦ

Я С А М
М Я С А



МАНАВЕРШ

Рэчаіснасьцю тут і ня пахне…


Вера Бурлак і Віктар Жыбуль падчас прэзэнтацыі кніжкі «Забі ў сабе Сакрата!» і выдавецтва «Галіяфы» 29 красавіка ў Доме літаратара. Фота Андрэя Лянкевіча
Вера Бурлак
Дыскарня
«Наша Ніва».
Джэці.
Phantom of the literature
Вера «Джэці» Бурлак — дэклямацыя
Дзьмітры Дзьмітрыеў — ідэя, рэжысура, падбор музычнага суправаджэньня, мантаж
Ягор Маёрчык — запіс
Натальля Паваляева — дызайн

ЛЕТАПІСНАЕ

Я чакаю. Мяне папярэдзілі.
Я цалую знутры тваю скронь.
Ты навокал мяне, я ў сярэдзіне.
Я — зьмяя ў тваім чэрапе, конь.


* * *

Яна ведала, чым усё скончыцца.
Рамантычныя казачнікі пішуць ману.
Яна памылася, апранулася, заплюшчыла вочы
І паклалася ў труну.

І прыйшоў Голад. І прыйшла Смага.
Захацелася «Прымы». Захацелася каньяку.
І прыйшлі дзеці: «Ма, табе блага?»
А муж усьміхнуўся і паціснуў руку.

У яго за сьпінай даўно былі крылы,
З нагавіцы раз‑пораз вызіраў белы край…
І яны жылі яшчэ доўга і міла,
І ён штоночы вадзіў яе ў рай.


* * *

Навошта мне маё жыцьцё бяз Слова,
Калі Яно і ёсьць маё жыцьцё?
Вазьмі жыцьцё. Пакінь мне толькі Слова.
Яго я буду мёртвая казаць.

* * *

Яны ад’яжджалі па альфабэце
І па годзе нараджэньня.
Гэтыя пасьлядоўнасьці супадалі.
Апошнім зьехаў самы малодшы на «я».


Новая паэтычная кніга Віктара Жыбуля і Веры Бурлак завецца «Забі ў сабе Сакрата!».
Вершы, надрукаваныя тут, — зь яе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула