Лаўроў: Расія і Беларусь заклапочаныя пашырэннем НАТА на ўсход
president.gov.by
Расія падзяляе заклапочанасць Беларусі з нагоды пашырэння НАТА на ўсход, заявіў журналістам 16 мая ў Мінску міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў пасля перамоў з беларускім калегам Уладзімірам Макеем і прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам.
«Мы падзяляем заклапочанасць у сувязі з тым, што нашы калегі з краін НАТА спрабуюць нагнятаць канфрантацыю, перасоўваючы наперад інфраструктуру на ўсход, блізка да нашых межаў, — сказаў Лаўроў. — Вы ведаеце, як гэтыя пытанні абмяркоўваюцца, наколькі спрабуюць нагнятаць эмоцыі. І Расія, і Беларусь не прыхільнікі падобнай канфрантацыйнай лініі — мы выступаем за тое, каб у Еўропе абмяркоўваліся і выконваліся прынцыпы роўнай бяспекі для ўсіх».
У сваю чаргу кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей, кажучы пра бяспеку ў Еўропе, заявіў:
«Цяпер нашы заходнія партнёры вядуць гаворку пра нейкія дадатковыя размяшчэнні вайсковых кантынгентаў у шэрагу краін, якія з'яўляюцца нашымі суседзямі. Мы гэта разглядаем як патэнцыйны выклік у рамках нашай Саюзнай дзяржавы».
Як зазначыў Макей, Беларусь і Расія адкрыта кажуць сваім еўрапейскім партнёрам «пра непрымальнасць размяшчэння дадатковых воінскіх кантынгентаў». Цяперашняя сітуацыя ля ўсходніх рубяжоў НАТА, паводле яго слоў, не спрыяе забеспячэнню большай бяспекі на Еўрапейскім кантыненце. «Мы дамовіліся прапрацоўваць уласныя адэкватныя меры рэагавання», — удакладніў кіраўнік МЗС Беларусі.