Імавернай прычынай крушэння A320 назвалі выпадковы сігнал аб задымленні
Да крушэння пасажырскага самалёта Airbus A320 егіпецкай авіякампаніі EgyptAir маглі прывесці дзеянні экіпажа, які зрэагаваў на выпадковы сігнал аб задымленні.
Пра гэта паведамляе ў пятніцу, 27 траўня, The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з ходам расследавання авіякатастрофы.
Reuters
Такі сцэнар, па інфармацыі выдання, сур'ёзна разглядаецца экспертамі, якія расследуюць катастрофу, паколькі існуе магчымасць, што пры спрацоўванні датчыкаў дыму ў дадзенай мадэлі Airbus могуць адключыцца найважнейшыя сістэмы бяспекі, у тым ліку бяспекі кіравання палётам.
Па словах экспертаў, падобная сітуацыя адбылася ў красавіку 2011 года ў ЗША, калі на борце A320 авіякампаніі United Airlines, які выляцеў з Новага Арлеана, выпадкова спрацавалі датчыкі задымлення. Як паведамілі пазней пілоты, пасля таго, як яны пачалі дзейнічаць паводле інструкцыі, некаторыя электронныя сістэмы перасталі працаваць, у выніку чаго ў самалёце адключылася сувязь.
Як адзначае WSJ, у егіпецкім самалёце былі ўсталяваныя новыя, больш надзейныя датчыкі задымлення. Аднак з гэтымі датчыкамі таксама адбываліся збоі, хоць і значна радзей. У прыватнасці, у Airbus прызнавалі, што яны могуць спрацаваць на пыл і некаторыя аэразолі.
***
Лайнер А320, які рухаўся з Парыжа ў Каір, знік з экранаў радараў раніцай 19 мая. На яго борце знаходзіліся грамадзяне 12 краін, усяго 66 чалавек.
21 мая французскае бюро расследавання і аналізу бяспекі грамадзянскай авіяцыі (BEA) заявіла, што аўтаматычная сістэма самалёта EgyptAir за некалькі хвілін да страты сувязі адпраўляла сігналы аб наяўнасці ў салоне дыму. Эксперты звязалі гэта з пажарам, які мог пачацца ў туалетным пакоі ля кабіны пілотаў і ў адсеку радыёэлектроннага абсталявання.
24 мая егіпецкая газета «Аль-Ахрам» паведаміла, што за некалькі хвілін да авіякатастрофы над Міжземным морам датчыкі зафіксавалі рост тэмпературы акна ў кабіне пілотаў лайнера.