БЕЛ Ł РУС

Смеццесартавальны завод пад Гроднам запрацуе праз пару тыдняў

6.06.2016 / 10:10

Зараз на прадпрыемстве ідзе апошняя падрыхтоўка, а для журналістаў зладзілі імправізаваную экскурсію.

— Вось тут будзе працаваць канвеер, тут будуць сартавацца адкіды, — супрацоўнікі паказваюць на новенькую канвеерную стужку, запусціць якую павінны ўжо гэтым летам. У любым разе, пробны пуск завода запланаваны на 1 ліпеня. А пакуль тут ідуць заключныя будаўнічыя работы.

— Напэўна, потым тут будзе не такі свежы пах?

— Пах, вядома, будзе — гэта ўсё ж такі смецце, але ў нас ўстаноўлены магутныя выцяжкі, так што працаваць супрацоўнікам будзе камфортна, — распавядае дырэктар завода Вячаслаў Андрэеўскі.

На прадпрыемстве будзе працаваць больш за 200 чалавек у тры змены. Першая і другая змены зоймуцца апрацоўкай змяшаных камунальных адкідаў, а трэцяя — упарадкаваннем смецця, якое ў горадзе сабралі ў раздзельныя кантэйнеры. Гэта пластык, папера, шкло і тэкстыль.

Вытворчая магутнасць завода — перапрацоўка 120 тысяч тон цвёрдых бытавых адкідаў. Пры гэтым прадпрыемства будзе працаваць усе дні ў годзе без выхадных і перыпынкаў.

Завод знаходзіцца каля палігона ЦБА каля вёсак Рагачы і Выселкі Гродзенскага раёна. Новае прадпрыемства будуюць кітайцы. Кошт — амаль 29 мільёнаў даляраў.

Яшчэ тры месяцы пасля запуску смеццесартавальнага завода кітайскія спецыялісты будуць сачыць за працай лініі, а таксама навучаць нашых спецыялістаў.

Пазней працаваць тут будуць беларусы, але персанал пакуль не набіралі.

Неабходнасць пабудовы такога прадпрыемства каля Гродна наспявала даўно.

Значная частка смецця, якое мы выкідваем, — гэта другсыравіна, якую можна перапрацаваць. Па статыстыцы, адзін гродзенец выкідвае каля 500 кілаграм смецця ў год.

На смеццесартавальным заводзе будуць падзяляць пластык, паперу, тэкстыль. Другсыравіну тут будуць спрасоўваць, а потым адгружаць прадпрыемствам, якія займаюцца перапрацоўкай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула