Le Monde: Адзінства для ЕС даражэйшае за зняцце санкцый
Неабходнае адзінства Еўропы, нават калі яно толькі знешняе, а таксама жаданне не саступаць прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну — вось дзве прычыны, якія тлумачаць чаканае падаўжэнне антырасейскіх санкцый у канцы чэрвеня, піша Le Monde.
Якімі б моцнымі ні былі рознагалоссі членаў Еўрасаюза па гэтым пытанні, «у рэчаіснасці важна менавіта адзінства 28 краін, і ніхто не возьме на сябе адказнасць яго парушыць», цытуе выданне высокапастаўленага дыпламата.
Як піша газета, Венгрыя, Грэцыя і Італія нядаўна раскрытыкавалі працяг санкцый у ранейшым выглядзе, большасць жа краін Паўночнай і Усходняй Еўропы настойваюць на падтрыманні жорсткай лініі ў дачыненні да Масквы. Іншыя краіны лічаць, што Пуцін «нічога не зрабіў, каб дапамагчы нам яму дапамагчы, ніякага руху».
На думку эксперта, каб не абвастраць унутраныя рознагалоссі і не пагаршаць і без таго няпростыя адносіны з Расіяй, Еўрасаюзу давядзецца трохі «прыадзець» цяперашнія меры. У адрозненне ад ранейшых часоў, калі рашэнне аб падаўжэнні санкцый супраць Масквы прымалася на ўзроўні паслоў і насіла тэхнічны характар, у чэрвені гэтае пытанне будуць абмяркоўваць кіраўнікі еўрапейскіх дзяржаў і ўрадаў.
Як піша газета, гэта не адзіная саступка краінам, якія выступаюць за адмену санкцый. Так, абмяркоўваецца варыянт падаўжэння санкцый на тры месяцы, а не на паўгода. Паводле яшчэ аднаго магчымага сцэнара, санкцыі ўсё ж падоўжаць на шэсць месяцаў, але з магчымасцю іх паступовага зняцця.