БЕЛ Ł РУС

СБУ заявіла аб прадухiленнi 15 тэрактаў на Еўра-2016

6.06.2016 / 14:38

Служба бяспекі Украіны прадухіліла серыю з 15 тэрактаў, якія планаваліся ў Францыі на Еўра-2016, заявіў кіраўнік СБУ Васіль Грыцак.

Паводле яго слоў, тэракты планаваліся напярэдадні і падчас правядзення чэмпіянату, які пачнецца 10 чэрвеня.

Праца па гэтай справе доўжылася каля шасці месяцаў. Па словах Грыцака, у снежні 2015 года супрацоўнікам службы стала вядома, што француз, які прыбыў у краіну, наладжвае кантакты з вайскоўцамі на ўсходзе.

Грамадзянін Францыі займаўся валанцёрскай дзейнасцю і цікавіўся, дзе ва Украіне можна купіць зброю і выбухоўку.

Па дадзеных СБУ, француз негатыўна выказваўся пра масавую міграцыю замежнікаў у Францыю і павелічэнне колькасці мусульманаў.

Аператыўнікі перадалі замежніку пяць аўтаматаў Калашнікава, больш за пяць тысяч патронаў, два супрацьтанкавыя гранатамёты, 18 выстралаў да іх, 125 кілаграмаў трацілу, 100 дэтанатараў і 20 балаклаваў.

Па дадзеных СБУ, француз планаваў зладзіць выбухі ў мячэці, сінагозе, адміністрацыйных будынках на Еўра-2016. Меркаванага злачынцу затрымалі на мяжы пры спробе кантрабандай правезці зброю.

Грыцак адзначыў, што іншаземец прапаноўваў грошы за тое, каб груз са зброяй і выбухоўкай у Еўропу суправаджаў украінец. На гэтай падставе ў СБУ зрабілі выснову, што ў падрыхтоўцы тэрактаў ёсць «расійскі след».

Раней у прэсе з'явіліся чуткі пра магчымую падрыхтоўку ў Францыі тэрактаў падчас Чэмпіянату Еўропы па футболе. Паведамлялася, у прыватнасці, што адной з мішэняў тэрарыстаў нібыта маглі стаць гледачы матчу паміж Расіяй і Англіяй, які адбудзецца 11 чэрвеня.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула