Саакашвілі пераехаў працаваць у намёт ФОТАФАКТ
На узбочыне 32 кіламетра трасы Адэса — Рэні ва Украіне ўсталяваная вайсковая палатка, у якой губернатар Адэскай вобласці Міхаіл Саакашвілі часова размясціў свой працоўны кабінет.
Саакашвілі плануе знаходзіцца тут да таго часу, пакуль у поўным аб'ёме не будуць выдзеленыя сродкі на рамонт гэтай дарогі.
«Мой пераезд у намёт — гэта не эпатаж, а неабходнасць», - заявіў Саакашвілі. Ён лічыць, што «кіраўнічы механізм (ва Украіне) дашчэнту зламаны», «вертыкаль працуе толькі там, дзе ёсць карупцыя». Затрымку выдзялення сродкаў на рамонт дарогі губернатар назваў «сабатажам распараджэнняў» прэм'ер-міністра Уладзіміра Гройсмана і прэзідэнта Пятра Парашэнкі.
У цяперашні час 300 км трасы знаходзіцца ў дрэнным стане, аднак з неабходных за 1,2 млрд грыўняў на рамонт было выдзелена толькі 600 млн. У выніку пакуль адрамантавана ўсяго 8 км дарогі.
Рамонт трасы Адэса — Рэні неабходны, перш за ўсё, для развіцця турызму ў рэгіёне. Горад Рэні - каштоўны гістарычны і археалагічны помнік, найстаражытнае селішча на ўзбярэжжы Дуная.