Прыпынена фінансаванне будаўніцтва Керчанскага моста
Фінансаванне будаўніцтва моста праз Керчанскі праліў, якое вядзе кампанія Аркадзя Ратэнберга «Стройгазмантаж», часова прыпынена, паведамляе Forbes.
Апошні раз грошы «Стройгазмантажу» на будаўніцтва моста пералічвалі з бюджэту ў снежні 2015 года. Вызначаная на 2016 год выплата 65,4 мільярдаў расійскіх рублёў пакуль так і не праведзена.
Пра гэта гаворыцца ў лісце, накіраваным гендырэктарам «Стройгазмантажа» Андрэем Кірыленкам на імя першага намесніка міністра транспарту Яўгена Дытрыха і кіраўніка Расаўтадора Рамана Старавойтава.
У лісце, копія якога ёсць у Forbes, Кірыленка паказвае, што кампанія не можа будаваць мост запланаванымі тэмпамі і інвеставаць у закупку дарагога будаўнічага абсталявання з-за затрымкі аплаты выкананых работ. Па словах крыніцы выдання, з-за праблем з фінансаваннем на будпляцоўцы ўжо не хапае абсталявання.
***
Керчанскі мост меўся звязаць Крым з мацерыковай часткай Расіі. Рух па мосце ў тэставым рэжыме плануецца адкрыць у снежні 2018 года, а канчатковая здача аб'екта намечана на чэрвень 2019 года.
На будаўніцтва моста, даўжыня якога складзе каля 19 кіламетраў, з бюджэту РФ плануецца вылучыць 228,3 мільярда расійскіх рублёў.