Канфлікт у гомельскім рэстаране скончыўся смерцю наведвальніка
Паведамленне аб неабходнасці накіраваць нарад групы затрымання да прыпынку грамадскага транспарту «Вуліца Галавацкага» ў Цэнтральны аддзел Дэпартамента аховы МУС РБ паступіла каля 4 гадзін. Па словах аператыўнага дзяжурнага раённага аддзела міліцыі, там было знойдзена цела мужчыны са слядамі чэрапна-мазгавой траўмы. Інфармацыя пацвердзілася, і да месца здарэння накіравалася следча-аператыўная група.
— У ходзе апытання сведак было выяўлена, што пацярпелы мужчына знаходзіўся ў рэстаране «Падкова» на вуліцы Мазурава, — паведаміў падрабязнасці старшы інспектар Цэнтральнага аддзела аховы Аляксандр Камароў. — З адным з наведнікаў у яго адбыўся слоўны канфлікт, і апошні ўдарыў яго галавой у твар, з-за чаго пацярпелы ўпаў на спіну і стукнуўся патыліцай аб асфальт. Хуткая дапамога, якая прыбыла на месца здарэння, правяла рэанімацыйныя мерапрыемствы, але вынікаў яны не прынеслі. Не прыходзячы ў прытомнасць, мужчына памёр.
Другі ўдзельнік канфлікту схаваўся ў невядомым кірунку, але, па словах відавочцаў, мог знаходзіцца ўнутры закрытых памяшканняў рэстарана. Група затрымання заблакавала аб'ект. Кінолаг са службовым сабакам выявіў мужчыну ў дапаможным памяшканні рэстарана, у якім, з яго слоў, ён працаваў падсобным рабочым.
Для далейшага разгляду затрыманага даставілі ў Цэнтральны АУС. Па факце заведзена крымінальная справа па арт.144 ч.1 КК РБ (прычыненне смерці па неасцярожнасці).