Афіцэра ФСБ, які працаваў у аддзеле замежных царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхата, асудзілі на 12 гадоў за шпіянаж
Супрацоўнік аддзела замежных царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхата Яўген Петрын прысуджаны да 12 год турмы за дзяржаўную здраду на карысць ЗША.
Прысуд быў вынесены Масгарсудом, справа разглядалася тройкай суддяў у закрытым рэжыме пад грыфам «сакрэтна».
Абарона Петрына паабяцала абскардзіць прысуд. Дзяржабвінавачанне прасіла для яго 19 гадоў калоніі строгага рэжыму.
Яўгена Петрына затрымалі ў чэрвені 2014 года. Раней у РПЦ заяўлялі, што абвінавачанне ў яго адрас звязана з працай у спецслужбах да таго, як ён прыйшоў у аддзел замежных царкоўных сувязяў.
У РПЦ на работу ён перайшоў з ФСБ.
Сваякі Петрына сцвярджалі, што ў РПЦ ён займаўся ўкраінскай тэматыкай.