БЕЛ Ł РУС

Здзейснены напад на пікет па зборы подпісаў у падтрымку Губарэвіча

10.07.2016 / 17:58

Двое мужчынаў абражалі нацыянальныя сімвалы і ўдзельнікаў пікету па зборы подпісаў па вылучэнню ў дэпутаты палаты прадстаўнікоў першага намесніка старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, а потым здзейснілі напад на пікетоўшчыкаў. Міліцыя затрымала правакатараў.

«Двое мужчынаў выпівалі ля крамы на вуліцы Каліноўскага, ля якой стаяў і наш пікет», — распавёў сайту Pyx.by сябра ініцыятыўнай групы Алесь Славінскі.

Па ягоных словах, у нейкі момант яны падышлі да пікету і пачалі абражаць пікетоўшчыкаў і нацыянальныя сімвалы. Адзін з іх два разы ўдарыў сябру ініцыятыўнай групы Аляксандра Русевіча.

Аляксандр апісаў чалавека, які напаў на яго, як мажнога чалавека гадоў 25, з татуіроўкамі.

«Мужчыны моцнага целаскладу, магчыма, мясцовыя жыхары, магчыма правакатары», — дадаў Алесь Славінскі.

Удзельнікі пікету выклікалі міліцыю, якая затрымала хуліганаў і склала пратакол. На месца здарэння таксама прыехаў прадстаўнік Следчага камітэту.

Адзначым, правакацыі на пікетах у падтрымку Юрася Губарэвіча адбываюцца два дні запар. 9 ліпеня пара нападпітку пачала правакаваць на канфлікт пікетоўшчыкаў на вул. Каліноўскага, ля ГЦ «Усход».

«Пара бальзакаўскага ўзросту ўселася непадалёк ад пікету і пачала распіваць алкагольныя напоі. Жанчыну зацікавіла колькі нам заплацілі, каб мы пачалі стаяць пад бел-чырвона-белым сцягам», — распавёў сайту Pyx.by сябра ініцыятыўнай групы Мікіта Семяненка.

Потым, па ягоных словах, да яго «падляцеў мужчына і пачаў правакаваць на бойку, абражаючы мяне, беларускую мову і нашую краіну».

«Усё адбывалася пад камерамі гандлёвага цэнтру, таму любая агрэсіўная рэакцыя з майго боку магла быць выкарыстаная супраць зборшчыкаў подпісаў за Губарэвіча. Я спрабаваў пераканаць чалавека весці сябе культурна, але мужчына толькі і працягваў крычаць, быццам мы хочам у Беларусь прывесці НАТА і прадацца амерыканцам», — дадаў Семяненка.

Па ягоных словах, правакацыю заўважылі хлопцы спартовага целаскладу, якія знешне нагадвалі футбольных фанатаў. «Адзін з хлапцоў спытаў у п'янога мужчыны, чаму ён нас правакуе, і прапанаваў адыйсьці паразмаўляць за ўнівэрсам. П'яны пакрычаў яшчэ крыху, а пасля уцёк», — заключыў сябра Руху «За Свабоду».

Першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч вылучаецца ў дэпутаты па Каліноўскай выбарчай акрузе Мінска.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула