Ярмошына: Першы кандыдат у дэпутаты падаў дакументы на рэгістрацыю
На парламенцкіх выбарах у Беларусі першы кандыдат падаў дакументы на рэгістрацыю, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў чарговым відэазвароце, размешчаным на сайце vybory2016.by.
Ярмошына падкрэсліла, што ўсяго было зарэгістравана 446 ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў, аднак 13 ліпеня адзін прэтэндэнт адклікаў сваю заяву.
«У нас ёсць ужо першы патэнцыйны кандыдат, які прайшоў перыяд вылучэння. Гэта намеснік дырэктара па якасці і стандартызацыі жодзінскага ААТ «БелАЗ» Заблоцкі Дзмітрый Васільевіч. Яго вылучыла канферэнцыя працоўнага калектыву. Гэты кандыдат здаў ужо дакументы, і, я спадзяюся, будзе зарэгістраваны ва ўстаноўленыя тэрміны», — сказала кіраўнік ЦВК.
Ад іншых патэнцыйных кандыдатаў дакументы пакуль не паступалі, падкрэсліла Ярмошына. «Мы чакаем партыйных з`ездаў, мы чакаем рашэнняў сходаў працоўных калектываў, якія, цалкам магчыма, вылучаць і іншых прэтэндэнтаў на гэтыя выбарныя пасады», — адзначыла яна.