Небяспечная здабыча. Французскія рыбакі злавілі партугальскую падводную лодку
Партугальская субмарына Tridente, якая брала ўдзел у вучэннях недалёка ад паўднёвага ўзбярэжжа Вялікабрытаніі, 12 ліпеня трапіла ў сеці французскага рыбалоўнага сейнера Daytona, паведаміла Бі-бі-сі
Баявы карабель знаходзіўся пад вадой, калі сутыкнуўся з сецямі, але інцыдэнт быў бяскрыўдным — ніхто не быў паранены, абодва караблі таксама не былі пашкоджаныя.
Сучасны марскі прамысловы лоў рыбы ідзе з выкарыстаннем вельмі трывалых сетак, якія судна цягне за сабой магутнымі канатамі. Гэтыя канаты практычна не адрозніваюцца па таўшчыні ад буксірных — таму падлодка, патрапіўшы ў нерат, можа проста пацягнуць за сабой рыбалоўнае судна. Былі выпадкі, калі гэта прыводзіла да пашкоджанняў і лодкі, і судна.
Падводная лодка адразу паднялася на паверхню і наладзіла сувязь з французскімі судамі. Рыбакі вызвалілі сетку з дапамогай брытанскіх марскіх ратавальнікаў і пайшлі ў бок Францыі.
У 2004 годзе пяць рыбакоў загінулі, калі французскае судна Bugaled Breizh патанула ў гэтым жа раёне. Сем'і загінуўшых заяўлялі, што прычынай стала падлодка, якая трапіла ў сеткі і зацягнула судна пад воду, аднак суд вырашыў, што доказаў гэтага няма.