Незвычайны інстаграм-акаўнт: як выглядаюць сядзенні ў транспарце па ўсім свеце
Французскі рэжысёр Жульен Потар робіць фатаграфіі сядзенняў у грамадскім транспарце па ўсім свеце і публікуе іх у інстаграм-акаўнце idontgiveaseat, піша The Huffington Post.
Потар вядзе акаўнт ужо паўтара года, напаўняючы яго здымкамі абіўкі сядзенняў у аўтобусах, трамваях і цягніках ў розных гарадах свету. «Ідэя прыйшла да мяне падчас камандзіровак і адпачынкаў. Я заўважыў, што кожны аўтобус і вагон метро мае свой уласны малюнак абіўкі сядзення. Мне вельмі спадабалася шукаць новыя малюнкі і разглядаць іх», — распавёў Потар.
Зараз у idontgiveaseat можна ўбачыць фота сядзенняў грамадскага транспарту Лос-Анджэлеса, Токіа, Палерма, Рыма, Парыжа, Кіёта і многіх іншых гарадоў. У калекцыі каля 100 розных варыянтаў. Спачатку Потар публікаваў толькі свае фота, а цяпер навінкі яму дасылаюць не толькі сябры, але і незнаёмыя людзі.
«Я да гэтага часу не засняў усе цягнікі, метро, аўтобусы і трамваі ў свеце. І я рады, што мой праект стаў сумесным», — кажа фатограф.
Беларусам таксама ёсць чым узбагаціць незвычайную калекцыю французскага рэжысёра, дзякуючы шматлікай прадукцыі мясцовых транспартнікаў. Далучайцеся і вы!