Турцыя выдала ордар на арышт Гюлена па справе аб спробе перавароту
Турэцкія ўлады выдалі ордар на арышт апазіцыйнага прапаведніка Фетхулы Гюлена па справе аб спробе дзяржаўнага перавароту, паведамляюць мясцовыя СМІ.
Суд у Стамбуле пастанавіў завочна арыштаваць Гюлена, які жыве ў ЗША, абвінаваціўшы яго ў арганізацыі бунту 15 ліпеня, паведаміла дзяржаўнае агенцтва «Анадалу».
Турцыя неаднаразова заклікала Злучаныя Штаты экстрадаваць Гюлена. Ён адмаўляе сваю датычнасць да спробы перавароту.
Пасля спробы путчу па краіне пракацілася хваля арыштаў і звальненняў. У прыватнасці, з войска былі звольненыя каля 1700 вайскоўцаў, абвінавачванні ў спробе звяржэння ўлады былі прад'яўленыя 99 генералам і адміралам узброеных сілаў.
Фетхула Гюлен лічыцца ў Турцыі другім па ўплыве чалавекам пасля прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана. Яны былі паплечнікамі, калі апошні прыйшоў да ўлады, аднак потым іх шляхі разышліся.
У чацвер Эрдаган паабяцаў «абрэзаць усе дзелавыя сувязі» і «пазбавіць даходаў» усе кампаніі, звязаныя з Гюленам.