БЕЛ Ł РУС

Дзярждэп пракаментаваў заявы РФ аб «тэрактах» у Крыме

11.08.2016 / 10:17

Nashaniva.com

У Дзярждэпартаменце ЗША бачылі паведамленні аб затрыманні ў Крыме «ўкраінскіх дыверсантаў», якія «рыхтавалі тэракт», аднак не гатовыя рабіць заявы з гэтай нагоды.

Пра гэта заявіла ў сераду на брыфінгу прадстаўнік ведамства Элізабэт Трудо, перадае «Інтэрфакс-Украіна».

«Мы бачылі гэтыя паведамленні. Мы раім звяртацца па дадатковую інфармацыю да ўрада Украіны», — сказала яна.

Прадстаўніца Дзярждэпу адзначыла, што ведамства непасрэдна кантактуе з украінскімі калегамі па гэтым пытанні.

«Мы не хочам, каб нас адцягвалі ад рэальнай праблемы — а менавіта ад расейскай акупацыі і спробы анексіі Крыма і агрэсіі, якая працягваецца на ўсходзе Украіны», — дадала яна.

Як вядома, у сераду расейская ФСБ распаўсюдзіла заяву аб нібыта дзвюх спробах украінскіх вайскоўцаў напасці на Крым і зладзіць там тэракты, падчас якіх загінулі расійскі ваенны і баец ФСБ.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін абвінаваціў улады Украіны ў тым, што яна «пераходзіць да тэрору».

Украінскі Генштаб назваў гэтыя заявы правакацыяй, а сакратар СНБА Аляксандр Турчынаў — істэрычнымі і лжывымі.

Прэзідэнт Пётр Парашэнка назваў фантазіямі абвінавачванні Расіі на адрас украінскіх вайскоўцаў у падрыхтоўцы тэрактаў у Крыме.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула