БЕЛ Ł РУС

Беражкоў распавёў, як чырвона-белыя колеры сталі футбольнымі

12.08.2016 / 00:12

У аўторак зборная Беларусі абзавялася новай формай з вышыванкай і «белымі крыламі». Абноўку прэзентавалі ў кінатэатры «Silver Screen» ГЗЦ «Арэна-Сіці».

Падчас прэзентацыі новай формы футбольнай зборнай Беларусі.

Упершыню каманда згуляе ў новай форме ў таварыскім матчы супраць Нарвегіі 31 жніўня. А ўжо 6 верасня правядзе першы паядынак адборачнага турніру ЧС-2018 з французамі. Акрамя таго на прэзентацыі быў прадстаўлены і новы Маскот Ваяр. Дырэктар па маркетынгу Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» Уладзімір Беражкоў падзяліўся сваім меркаваннем пра рэакцыю на абноўку.

— Ці задаволены тым, як заўзятары ўспрынялі новую форму зборнай?

— Цяжка ацэньваць, бо густ у людзей розны. Таму і каментары зусім розныя. Але ашаламляльнай рэакцыяй, якую форма выклікала, задаволены. Каментароў пад навіной пра прэзентацыю формы ў два разы большы, чым пад навіной пра поспех баскетбольнай жаночай зборнай. Гэта сур'ёзны вынік, які падштурхоўвае да яшчэ большай працы. Мы знаходзімся ў фокусе вельмі вялікай аўдыторыі, якую хвалюе гэтая тэма. Але мы яшчэ на самым пачатку шляху.

— Каментары заўзятараў чыталі?

— Вядома. Меркаванні розныя. Ад «што Беражкоў курыць, і на якіх моцных наркотыках сядзіць» да слоў, якія выклікаюць толькі станоўчыя эмоцыі. Я прыслухоўваюся да грамадства, але больш слухаю спецыялістаў: людзей, якія займаюцца продажамі, у тым ліку атрыбутыкі, а таксама дызайнераў, трэнераў і футбалістаў. Большасць з іх кажа, што форма ўдалася. Гульцы наогул кажуць, што яна заліковая.

— Спачатку планавалася правесці мерапрыемства ў якім-небудзь гістарычным месцы краіны. Чаму не атрымалася?

— Цяпер у нас галоўная задача — прыцягненне заўзятараў на трыбуны. Таму спяшаліся з прэзентацыяй, каб паспець раскруціць брэнд «Белыя крылы» за месяц да гульні з Францыяй. Мы запусцілі афіцыйную рэкламу, імкнуліся крыху раней раскрыць лога, паказаць форму. Прэзентацыя ў гістарычным месцы ўсё ж патрабуе больш дбайнай падрыхтоўкі. Яшчэ адна прычына — акцэнт на кіно. Мы выпусцілі некалькі промаролікаў, зрабілі фільм. Нам быў патрэбны вялікі экран і цемра. На адкрытай пляцоўцы ў тым жа Полацку ажыццявіць задуму было б значна складаней. Ды і эфект быў бы не такім, як у кінатэатры.

Ну і, нарэшце, у гістарычны цэнтр было б цяжка запрасіць журналістаў. Мы ж рабілі стаўку на тое, што аўдыторыя, якой цікавая прэзентацыя, шырэй, чым сегменту заўзятараў. І запрашалі розных журналістаў і людзей з розных сфер дзейнасці, каб яны пра гэта распавялі. І, мне падаецца, нам гэта ўдалося. Сюжэты і матэрыялы выходзілі на самых розных пляцоўках. Не думаю, што нам бы ўдалося так добра ўсё асвятліць не ў сталіцы. Але ад ідэі з гістарычным цэнтрам не адмаўляемся. Так, гэта будзе не прэзентацыя формы, але выязная фотасесія зборнай цалкам можа адбыцца.

— «Вышыванка» і ўсё астатняе «накладзеныя» на стандартны камплект формы ад Adidas. Ці разглядалі магчымасць распрацоўкі індывідуальнага дызайну?

— Пра гэта ўжо шмат гаварылася. Калі я прыйшоў на працу ў федэрацыю, макет формы ўжо быў. У мяне не было іншага выбару, але я не магу сказаць, што гэта няўдалы выбар. Ён вельмі добра падыходзіць да канцэпцыі «Белых крылаў». Бела-чорная форма выдатна кладзецца на нашу стылістыку. Я ўдзячны Сяргею Вагаршаковічу (Сяргей Сафар'ян — Tribuna.com) за выбар. Густ яго не падвёў.

— Для гасцявой формы абралі чорны колер. Чаму? Гэта ж не зусім беларускі колер.

— Мы ўвесь час прывыклі гуляць у чырвона-зялёным, бел-зялёным або чырвоным. Але, мне здаецца, дзяржаўнай сімволікі на форме і так дастаткова. Яна вызначана гербам — гэта ўжо моцны піетэт, паклон і павага да сімвалаў краіны. Акрамя таго, не ўсе нацыянальныя каманды гуляюць у колерах свайго сцяга. Чорная форма, якая, дарэчы, шмат каму спадабалася нават больш белай, у нейкай ступені рэвалюцыйная. Ну, а чаму не? Гэта нармальна. Інакш мы так і будзем закладнікамі таго, што гуляем у аднолькавых колерах з венграмі і партугальцамі.

— Дызайн формы распрацоўвалі дызайнеры. Ім давалася тэхнічнае заданне па расфарбоўцы ці ж бел-чырвона-белыя колеры — іх ініцыятыва?

— У нас былі розныя варыянты. Адкрыю сакрэт. Адзін з варыянтаў, які спадабаўся мне больш за ўсё, прапанаваў Іван Айплатаў. Варыянт нават пайшоў на зацвярджэнне ва УЕФА, але мы ўсё абмеркавалі з кіраўніцтвам федэрацыі, і ў выніку ад яго адмовіліся.

— І што гэта была за форма?

— Быў яшчэ больш рэвалюцыйны дызайн. Знак «Белыя крылы» быў выкананы больш радыкальна і прапаноўваўся ў якасці асноўнага элемента — пры гэтым ужо з'яўляўся «вышыванкай». Мне вельмі спадабалася, але агульным рашэннем прыйшлі да той формы, якая ёсць цяпер.

— Хто канкрэтна распрацоўваў дызайн новай формы?

— Я б не сказаў, што гэта тварэнне нейкага канкрэтнага дызайнера. Можна сказаць, што над ёй працавалі Андрэй Шнітуленка, Іван Айплатаў, Аляксей Архіпаў і некаторыя супрацоўнікі АБФФ. Мы былі ўпэўненыя ў выніку, і ён сябе апраўдаў.

Віталь Радзівонаў на прэзентацыі формы.

— А дзе на форме лагатып «Белы крылы»?

— На майках-рэпліках, якія мы раздавалі ўсім гасцям, ён у цэнтры. А на форме акуратненька змясцілі на каўнерык. Дарэчы, адна з прычын, чаму не пайшлі дарогай Айплатава, у тым, што УЕФА строга рэгламентуе памеры таварных знакаў. Калі б нанеслі ў якасці элемента дэкору знак «Белы крылы», то пасля рэгістрацыі адпаведнага таварнага знака, падманулі б УЕФА. Кіраўніцтва федэрацыі выказалася за сумленнасць, і я пагадзіўся. А дакументы на рэгістрацыю таварнага знака «Белыя крылы» мы ўжо падалі.

Маскот Ваяр. Фота pressball.by.

— Маскот Ваяр — адсылка да «Пагоні» Максіма Багдановіча?

— Наогул, у нас былі розныя ідэі і варыянты маскотаў. Быў і Буслік, і іншыя мяккія цацкі, і Анёл. Але мы вырашылі, што цяпер ад зборнай патрабуюцца праявы жорсткага характару і мужчынскай сілы. Мы хацелі знайсці і патрыятычны, і трохі ваяўнічы сімвал. Каб зборная вярнула сабе спартыўную агрэсію, каб трыбуны былі зараджаныя і мы ўсе сталі байцамі.

Безумоўна, гэта адсылка і да крылатых гусараў, і рыцарства, і да сучаснасці. Ваяр — герой, які ратуе ўсіх. Гэтакі Бэтмэн. Зборны вобраз, які ва ўсіх спецыялістаў выклікаў афігенна станоўчую рэакцыю.

— У дзяржаўных структурах чырвона-белыя колеры часта адносяць да апазіцыйных. Ці не баіцеся, што і АБФФ аднясуць да апазіцыі?

— Заўсёды на гэта адказваю так: калі апазіцыя бярэ на ўзбраенне нейкія лозунгі або колеры, гэта не значыць, што колеры і лозунгі тут жа становяцца забароненымі. Сёння друкаваны орган Адміністрацыі прэзідэнта «Народная газета» выходзіць з хештэгам «Жыве Беларусь!» Хоць стандартны падыход заўсёды адносіў гэтыя словы да апазіцыі.

Палітычная апазіцыя выкарыстоўвае чырвона-белыя колеры, але гэта не значыць, што іх трэба забараняць. Гэта ж глупства. Два гэтыя колеры добра глядзяцца і гармануюць. Нават дзяржаўны сцяг ўтрымлівае белы і чырвоны.

— І ўсё ж такі ўлада неяк негатыўна ставіцца да гэтых колераў.

— Я спакойна стаўлюся да праяў нацыянальнай самасвядомасці. Калі людзі носяць на грудзях герб «Пагоня» або апранаюць чырвона-белыя майкі, падкрэсліваючы, што гэтыя колеры ім бліжэй, то разглядаю гэта як павагу да гістарычных сімвалаў. Але ў нашай форме няма палітычнага завострывання. У ёй адсутнічае палітычны кантэкст. Ёсць гістарычны кантэкст, культурны кантэкст і нічога іншага.

— З УЕФА форму ўзгаднялі. А з Адміністрацыяй прэзідэнта?

— Не.

— А калі будзе нервовая або жорсткая рэакцыя?

— Я не думаю, што будзе жорсткая рэакцыя. Калі так здарыцца, то мне, напэўна, прыйдзецца сысці, бо я гэтага не зразумею.

— Якія бліжэйшыя планы па прасоўванні зборнай і новага брэнда?

— Футбол сёння прасоўваецца вельмі цяжка, а да зборных негатыўнае стаўленне. Мы паставілі задачу — сабраць людзей на Люксембург. Пакуль на матч прададзены 1481 квіток. У 2015-м было прададзена 1990. Калі мы ў пару разоў перакрыем «рэкорд» мінулага года, тады можна будзе казаць, што нейкую працу зрабілі нездарма.

Усе нашы акцыі праводзяцца з гэтай мэтай. Вось былі на стадыёне «Мінска» на матчы «маладзёжкі». Ваяр фатаграфаваўся з заўзятарамі, а мы прадавалі квіткі. У планах вялікая праца па сацыяльнай рэкламе. Мы хочам, каб да матчу з Францыяй на білбордах віселі не толькі хакеісты, але і футбалісты! Рыхтуем промаролікі, вялікія тэлевізійныя праекты. Ідзем і ў заўзятарскія колы. Я сустракаўся з актывам заўзятараў хакейнага «Дынама», хлопцамі з «Б-12». Планую паехаць у Барысаў і пагаварыць з «батонамі».

Сур'ёзны івэнт будзе 2 верасня на матчы «маладзёжкі» супраць галандцаў. А трэцяга верасня правядзем адкрытую трэніроўку зборнай. Яна пачнецца ў 18:30 на стадыёне АБФФ. Запрашаем абсалютна ўсіх. Будзе палатка з атрыбутыкай, дзе можна будзе купіць і майкі-рэплікі, і саму форму. Запланаваная аўтограф-сесія, сустрэча з гульцамі і невялікая канцэртная праграма. Мы зробім усё, каб людзі прыйшлі і адчулі сябе часткай каманды. Я хачу, каб усе адзін аднаму ўсё даравалі і ніхто не трымаў крыўдаў. Каб усе зразумелі, што нам нельга жыць адзін без аднаго.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула