БЕЛ Ł РУС

Расатам гатовы замяніць корпус рэактара для БелАЭС

12.08.2016 / 08:41

Nashaniva.com

У Расатаме пацвердзілі гатоўнасць замяніць корпус рэактара для першага энергаблока Беларускай АЭС пасля таго, як Мінэнерга Беларусі афіцыйна паведаміла пра сваё жаданне расійскаму боку. Рашэнне пра замену корпуса рэактара прыняла міжведамасная камісія па ўзвядзенню БелАЭС, паведамляе «Коммерсантъ».

Фота © Sputnik/Васіль Семашка.

У Расатаме з пазіцыяй Мінска пагадзіліся, даўшы зразумець, што лічаць прычынай замены не пытанне бяспекі, а грамадскае меркаванне, піша выданне.

«Мы ўжо заяўлялі, што паставімся да такога рашэння з павагай, бо разумеем, з якой прычыны яно можа быць прынятае. Грамадская прымальнасць атамнай энергетыкі — не менш важны прыярытэт, чым яе бяспека. Будзем абмяркоўваць з заказчыкам дэталі, звязаныя з яго рэалізацыяй», — заявілі ў Расатаме.

Пасля інцыдэнту кантрольныя праверкі корпуса рэактара праводзілі спецыялісты генканструктара і вытворцы. Аднак Мінск яны не задаволілі. Разгледзеўшы іх, Дзяржатамнагляд «не выявіў пацвярджэння бяспекі» корпуса, адзначыў начальнік аддзела камунікацый і грамадскай інфармацыі Алег Собалеў.

Намеснік старшыні Расатама Аляксандр Локшын раней заяўляў, што пры жаданні беларускага боку замену зробяць: на першым блоку будзе ўсталяваны корпус рэактара, які прызначаўся для другога блока.

— Але гэта рашэнне заказчыка, вядома, прывядзе да пэўнага зруху графіка завяршэння будаўніцтва энергаблока, — дадаў топ-менеджар Расатама.

Як адзначае «Коммерсантъ», пакуль не ясна, на каго ляжа абавязацельства аплаціць магчымыя выдаткі.

Пра тое, што Беларусь вырашыла замяніць корпус рэактара напярэдадні паведаміў кіраўнік Мінэнерга Уладзімір Патупчык. Пры гэтым, паводле яго слоў, пытанне кошту замены абсталявання пакуль з'яўляецца прадметам перамоваў з расійскім бокам.

Работніца АЭС: Стропы аказаліся карацейшыя на 30 сантыметраў чым тады, калі замяралі ў Расіі. ВІДЭАРЭПАРТАЖ з Астраўца

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула