БЕЛ Ł РУС

У Пружанскім раёне мужчына падчас палявання смяротна параніў сябра

29.08.2016 / 15:13

Следчыя высвятляюць акалічнасці смяротнага ранення паляўнічага ў Пружанскім раёне.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова, 52-гадоваму мужчыну было прычынена агнястрэльнае раненне ў вобласць грудной клеткі 26 жніўня прыблізна каля васьмі вечара на кукурузным полі паблізу вёскі Баравікі. Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў пацярпелы памёр на месцы.

Мужчына разам са сваім 46-гадовым сябрам незаконна паляваў на дзіка. Паводле папярэдніх дадзеных, апошні выстраліў з незарэгістраванай гладкаствольнай стрэльбы «ТОЗ» 16-га калібру ў бок меркаванага месцазнаходжання здабычы, дзе брахалі сабакі, не пераканаўшыся ў адсутнасці ў зоне паражэння людзей, і смяротна параніў сябра.

Аб тым, што здарылася, стралок сам паведаміў у праваахоўныя органы.

Пружанскім раённым аддзелам Следчага камітэта распачата справа па ч. 1 арт. 144 КК (прычыненне смерці па неасцярожнасці).

Падазраваны затрыманы, з ім працуюць следчыя. Ён жыхар Пружанаў, працуе вальшчыкам лесу ў адным з лясніцтваў рэгіёну, раней не судзімы. Падчас палявання ён быў цвярозы.

Для высвятлення ўсіх акалічнасцяў таго, што адбылося, прызначаны шэраг экспертных даследаванняў.

Загінулы жыў у вёсцы Руднікі Пружанскага раёна, працаваў інжынерам на адным з мясцовых сельгаспрадпрыемстваў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула