Урадавыя войскі ў Сірыі ўжылі бомбы з хлорам у прыгарадзе Алепа
AFP
Як перадае BBC, больш за 100 чалавек дастаўлены ў бальніцы ў выніку атакі з выкарыстаннем атрутнага газу хлору ў прыгарадзе Алепа, паведамляюць дактары-валанцёры і ратавальнікі, якія працуюць у Сірыі.
Па дадзеных медыцынскіх работнікаў, урадавыя сілы зноў ўжылі хлор, яны скінулі на прыгарад Алепа — раён Сукары — бомбы з цыліндрамі з хлорам.
Сірыйскі ўрад адмаўляе выкарыстанне хімічнай зброі ў ходзе авіяналётаў.
У жніўні расследаванне, якое праводзілася па рашэнні ААН, пацвердзіла, што сірыйская армія як мінімум двойчы выкарыстоўвала атрутны газ у ходзе нападаў ў 2014 і 2015 гадах.
Хлор шырока ўжываецца ў розных хімічных вытворчасцях, але выкарыстанне яго ў якасці зброі забаронена міжнароднымі дамовамі.
У новым дакладзе ААН, які быў апублікаваны ў аўторак, гаворыцца, што кароткі перыяд зацішша ў пачатку гэтага года ў Сірыі змяніўся яшчэ больш жорсткімі баямі.
Па дадзеных арганізацыі, на дадзены момант ва ўмовах аблогі жывуць каля 600 тысяч сірыйцаў, яшчэ 300 тысяч чалавек — у абложаных раёнах Алепа.
Сусветная супольнасць лічыць даказаным прымяненне зарыну ва Усходняй Гуце, у выніку якога, па дадзеных Дзярждэпартамента ЗША, пацярпелі 1429 чалавек. У 2015 годзе Арганізацыя па забароне хімічнай зброі паведамляла пра ўжыванне ў сірыйскім канфлікце іпрыту.
У 2013 годзе заходнія краіны абмяркоўвалі планы ваеннай кампаніі супраць рэжыму Асада з мэтай пазбавіць яго магчымасці ўжываць хімічную зброю супраць сваіх апанентаў. Крэмль выступіў з ініцыятывай па вывазе хімічнай зброі з Сірыі з яе наступным знішчэннем. Тады гэта прадухіліла авіяўдары па арміі Асада.