На рэферэндуме ў Калумбіі грамадзяне прагаласавалі супраць мірнай дамовы з FARC. Хочуць пакарання для былых камуністычных партызанаў
Грамадзяне Калумбіі прагаласавалі супраць мірнага пагаднення з паўстанцкай групай «Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі» (FARC). Праціўнікі міру атрымалі 50,24% галасоў.
Расчараванне прыхільнікаў перамір'я, DPA
Жыхары Калумбіі адхілілі дакумент, перамовы пра які доўжыліся чатыры гады. Апытанні, якія праводзіліся да рэферэндуму, паказвалі, што прыхільнікі мірнага пагаднення павінны былі перамагчы з вялікай перавагай.
Прэзідэнт Калумбіі Хуан Мануэль Сантас заявіў, што ён прымае вынікі галасавання, але будзе, як і раней, спрабаваць дамагчыся міру ў краіне.
Па словах Сантаса, дамова аб спыненні агню застанецца ў сіле, а сам ён адправіцца на Кубу, каб абмеркаваць з лідарамі FARC наступныя крокі.
Лідар FARC Радрыга Ландона (мянушка Цімашэнка ў гонар савецкага маршала) таксама заявіў, што яго група па-ранейшаму хоча міру.
Грамадзяне, якія галасавалі супраць, хочуць, каб паўстанцы-камуністы панеслі пакаранне за сваю дзейнасць. Яны не пагаджаюцца на амністыю ім. Лагер «не» ўзначальваў былы прэзідэнт краіны Альвара Урыбэ.