БЕЛ Ł РУС

Лінкявічус абураны, што на прэзентацыю ў Мінск паклікалі асобаў, падазраваных у ваенных злачынствах у Вільні

7.10.2016 / 09:35

Фота Сяргея Сацюка, БелаПАН

Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус у інтэрвію Свабодзе пракамэнтаваў прэзэнтацыю ў Менску расейскай кнігі пра падзеі ў Вільні 1991 года і адмову Беларусі выдаць літоўскаму правасудзьдзю падазраваных у ваенных злачынствах.

5 кастрычніка ў Доме Масквы ў Менску адбылася прэзэнтацыі кнігі журналісткі расейскай газэты «Комсомольская правда» Галіны Сапожнікавай.

Кніга мае назву «Кто кого предал» і прысьвечаная распаду СССР і ў прыватнасьці літоўскім падзеям 1991 году, у тым ліку — штурму тэлецэнтру ў Вільні. Паводле аўтаркі, «цягам 25 год людзям навязвалі вэрсію падзеяў, якая насамрэч ёсьць гістарычнай фальсыфікацыяй».

У кнізе Сапожнікава праводзіць уласнае дасьледаваньне і прапануе чытачу ўласныя трактоўкі. Прыкладам, працэс прыходу Беларусі да незалежнасьці яна называе «вакханаліяй дэмакратыі».

Фота Сяргея Сацюка, БелаПАН

На прэзэнтацыю былі запрошаныя ўдзельнік штурму Віленскага тэлецэнтру экс-камандзер групы КГБ «Альфа» Міхаіл Галаватаў і былы сакратар ЦК «камуністычнай партыі Літвы на плятформе КПСС» Альгімантас Наўджунас

На сёньняшні дзень абодвух шукае літоўскае правасудзьдзе. Галаватава, Наўджунаса і яшчэ дзясяткі чалавек падазраюць у ваенных злачынствах, зьдзейсьненых у студзені 1991 году.

Галіна Сапожнікава, Альгімантас Наўджунас, Міхаіл Галаватаў

Дыпляматычны скандал летам 2011 году выклікаў выпадак, калі аўстрыйскія памежнікі затрымалі Галаватава для далейшай экстрадыцыі ў Літву, што адпавядае эўрапейскім законам, аднак неўзабаве адпусьцілі ў Расею. Вядома, што Наўджунас жыве ў Падмаскоўі і сёлета нават балятаваўся ў Дзяржаўную думу як кандыдат ад «Адзінай Расеі».

Факт прэзэнтацыі гэтай кніжкі ў Менску з удзелам асобаў, якіх расшуквае Літва, Свабодзе пракамэнтаваў міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус:

— Я не прысутнічаў на гэтай сустрэчы, але магу сабе ўявіць, што там адбывалася. Вельмі сумна… Тыя гістарычныя падзеі зьяўляюцца ваенным злачынствам. Ёсьць каля 70 падазраваных у справе аб штурме тэлецэнтру, бальшыня жыве ў Расеі і Беларусі. Заведзеныя адпаведныя крымінальныя справы, якія могуць весьціся і бязь іх удзелу.

— Ці зьвярталася апошнім часам афіцыйная Вільня да кіраўніцтва Беларусі з просьбаю выдаць гэтых асобаў?

— Пракуратура Літвы неаднаразова накіроўвала запыты аб дапамозе ў правядзеньні расьсьледваньня, аднак яны засталіся без адказу. Заўжды існуюць прававыя мэтады даказаць сваю праўду. На жаль, замест гэтага праводзяцца такія мерапрыемствы. Гэта вельмі сумна для нас.

— На Ваш погляд, чаму афіцыйны Менск не ідзе вам насустрач у гэтым пытаньні і падазраваныя ў ваенных злачынствах спакойна сябе тут адчуваюць?

— Пра гэта варта запытаць у афіцыйнага Менску. Можна прыводзіць розныя адгаворкі, што дзяржава не выдае сваіх грамадзян, існуе нацыянальнае права і гэтак далей. Цяпер мы ня маем магчымасьці атрымаць усебаковую інфармацыю пра трагічныя падзеі 1991 году, бо ня можам апытаць усіх удзельнікаў. Натуральна, гэта не дадае ані аб’ектыўнасьці, ані прыязнасьці ў адносіны паміж дзяржавамі.

— Як Вы патлумачыце вызваленьне Міхаіла Галаватава з Аўстрыі ў 2011 годзе?

— Галаватаў сапраўды быў затрыманы ў міжнародным аэрапорце Вены. Адпусьцілі яго праз нядбайнасьць памежнікаў і пэўныя бюракратычныя праблемы. Тым ня менш, мы спадзяемся, што сытуацыя не паўторыцца — сёньня дзейнічае міжнародны ордэр на затрыманьне Галаватава.

Падчас прэзэнтацыі генэрал-маёр у адстаўцы Альгімантас Наўджунас выказаўся пра чалавечыя ахвяры ў выніку штурму, што маўляў, «вайскоўцы ня мелі баявой зброі», а стральба па людзях «вялася невядомымі з бальконаў прылеглых будынкаў».

«14 забітых… Памятаю, мне патэлефанаваў уначы галоўны лекар са шпіталю. Маўляў, прыяжджай і паглядзі, што нарабілі. Але я дакладна ведаю: трупы звозілі з усёй Літвы. Хтосьці памёр ад інфаркту, чалавека прывезьлі і паклалі на вуліцы. Гэта рабілі тыя, хто цяпер вінаваціць ва ўсім савецкую ўладу і «альфаўцаў».

Спадар Лінкявічус адрэагаваў на словы Наўджунаса:

— Быццам бы генэрал… Можа ён перакваліфікаўся і піша фантастычныя раманы? Канешне, можна скажаць гісторыю, факты, магчыма, так зручней. Але ў дадзеным выпадку гэтак рабіць непрыстойна з маральнага пункту гледжаньня.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула