БЕЛ Ł РУС

Беларусь перадала Польшчы невядомыя звесткі з архіваў

11.10.2016 / 10:03

Уладзімір Макей закончыў свой афіцыйны візіт у Варшаву, дзе сустракаўся з польскімі ўладамі. Адным з вынікаў перамоваў стала перадача Польшчы інфармацыі з архіваў адносна палякаў, якая дагэтуль была невядомай.

Фота PAP/Paweł Supernak

Пра перадачу архіўных звестак паведаміў на брыфінгу міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі:

— Спадар міністр прывёз важныя звесткі, знойдзеныя ў беларускіх архівах і датычныя лёсу шматлікіх палякаў. Гэтая інфармацыя будзе перададзена ў адпаведныя ўстановы Польшчы, каб яны пачалі даследаванні. Магчыма, неўзабаве вы таксама атрымаеце інфармацыю адносна тых важных адкрыццяў, пра якія мы даведаліся.

У сваю чаргу Уладзімір Макей падзякаваў Польшчы за цёплы прыём і адзначыў, што цешыцца развіццём польска-беларускіх міждзяржаўных дачыненняў:

— Па некаторых накірунках у нас захоўваюцца розныя пункты гледжання, але, што тычыцца двухбаковых адносін, дык тут у нас няма ніякіх праблем. Я ўпэўнены, што ў цяперашні час Беларусь і Польшча перажываюць гістарычны момант пераходу ў новую фазу двухбаковых адносін, дзе больш не будзе месца недаверу, канфрантацыі, інтрыгам, састарэлым стэрэатыпам і нейкім ідэалагічным забабонам.

Таксама падчас брыфінгу быў анансаваны візіт у Менск віцэ-прэм′ера Польшчы Матэвуша Маравецкага, які мае адбыцца праз два тыдні.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула