Выканаўца песень пра «Віцебскі АМОН», лідар «Спецназа» прадставіў беларускамоўны сінгл
Лідэр ВІА «Спэцназ» Сяргей Гарбацкі прэзэнтуе беларускамоўны самотнік на Tuzin.fm
«Ехаў неяк на аўто, сьвяціла сонейка, па радыё гучала беларуская музыка. Спыніўся — і нарадзіліся першыя радкі. Такое было раптоўнае натхненьне», — распавядае Сяргей Гарбацкі пра гісторыю зьяўленьня кампазыцыі «Белае сонца». Песьня запісаная з музыкамі ВІА «Спэцназ», дзе Сяргей зьяўляецца вакалістам і аўтарам песень ужо дзевяты год. Сам ён служыў у памежных войсках на пачатку 90-х, а пасьля граў у рэстаранах, скончыў факультэт «мастацтва эстрады» ва Ўнівэрсітэце культуры, быў гітарыстам Тарыэла Майсурадзэ і гурта Naka.
Паколькі новы твор моцна адрозьніваецца ад таго, што робіць ВІА «Спэцназ», Сяргей заснаваў сольны праект, які назваў у гонар новай песьні — «Белае сонца». У яго межах музыка хоча запісаць яшчэ некалькі беларускамоўных твораў. У падтрымку дэбютнага самотніка таксама быў зьняты відэакліп.