БЕЛ Ł РУС

Трамп адмовіўся ад прэзідэнцкага заробку

14.11.2016 / 07:42

Nashaniva.com

Дональд Трамп заклікаў сваіх праціўнікаў «даць яму крыху часу». Ён таксама выступіў супраць актаў гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў меншасцяў. У іншых пытаннях ён заявіў пра сваю кансерватыўную пазіцыю, паведамляе DW.

Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў сваіх праціўнікаў, якія ў апошнія дні ўзялі ўдзел у масавых дэманстрацыях па ўсёй краіне, «даць яму крыху часу». Сваю заяву Трамп зрабіў днём па мясцовым часе ў нядзелю, 13 лістапада, у інтэрв'ю тэлекампаніі CBS. Пры гэтым палітык заклікаў сваіх крытыкаў «не баяцца».

Трамп асудзіў любыя напады — вербальныя і фізічныя — на прадстаўнікоў меншасцяў, якія былі зафіксаваныя пасля аб'явы пра яго перамогу на прэзідэнцкіх выбарах. «Калі гэта дапаможа, я скажу наступнае, і скажу гэта проста ў камеры: спыніце гэта», — заявіў Трамп. Ён таксама даў зразумець, што не збіраецца ісці супраць легалізацыі аднаполых шлюбаў, рашэнне аб якіх прыняў Вярхоўны суд ЗША. «Гэтае пытанне ўжо вырашана», — сказаў Трамп, заўважыўшы, што асабіста для яго гэта «ў парадку».

У іншых грамадска-палітычных пытаннях Трамп абвясціў пра сваю кансерватыўную пазіцыю. На вакантную пасаду ў Вярхоўным судзе ён вылучыць толькі тых кандыдатаў, якія выступаюць за права на валоданне зброяй і супраць абортаў. Акрамя таго, Трамп таксама заявіў пра намер выслаць з краіны каля трох мільёнаў нелегальных мігрантаў і пабудаваць на асобных участках мяжы з Мексікай сцяну ці плот.

Мільярдэр Трамп таксама паведаміў, што адмовіцца ад прэзідэнцкага заробку. З гадавога акладу ў чатырыста тысяч даляраў ён сабе пакіне толькі сімвалічны адзін даляр.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула