У Беларусі скарачаецца колькасць насельніцтва ва ўсіх рэгіёнах акрамя Мінска
У Беларусі скарачэнне колькасці насельніцтва характэрна для ўсіх рэгіёнаў акрамя Мінска, паведаміла дырэктар НДІ працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна Міронава 17 лістапада.
Даследаванне было праведзена сёлета НДІ працы з прыцягненнем экспертаў пры падтрымцы Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА), інфармуе БелаПАН.
Паводле яе слоў, найменшая страта назіраецца ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях, дзе колькасць насельніцтва з 1999 года па 2016-ы скарацілася на 6,6% і 7,9% адпаведна. Ва ўсіх астатніх рэгіёнах скарачэнне ў сярэднім на 10% за 17 гадоў. Самыя вялікія дэмаграфічныя страты ў Віцебскай вобласці, што «тлумачыцца больш моцным фактарам старэння насельніцтва і больш маштабным міграцыйным адтокам насельніцтва».
Міграцыйны вектар ўнутры краіны зарыентаваны на сталіцу, дзе цяпер пражывае 20% насельніцтва Беларусі (16% у 1999 годзе). У сталіцы засяроджаная самая вялікая колькасць насельніцтва ва ўзросце маладзей за працаздольны — 249,9 тыс. чалавек. Тут пражывае прыкладна кожны пяты малады чалавек.
Для ўсіх рэгіёнаў акрамя Мінска характэрна скарачэнне колькасці насельніцтва ў працаздольным узросце. У сталіцы жыве 22% насельніцтва працаздольнага ўзросту Беларусі - за 1 млн 214 тыс. 800 чалавек. У даследаванні адзначаецца, што гэта больш, чым колькасць жыхароў Віцебскай, Гродзенскай або Магілёўскай вобласці.
У той жа час у сталіцы засяроджаная і самая вялікая частка людзей старэйшых за працаздольны ўзрост — 434,4 тыс. чалавек, або 18%.
Міронава адзначыла, што пры распрацоўцы дзяржаўных мер у сферы дэмаграфічнай бяспекі неабходна ўлічваць асаблівасці рэгіёнаў.