Міністрам абароны ЗША можа стаць генерал з мянушкай «Шалёны сабака»
Генерал у адстаўцы Джэймс Мэціс, які атрымаў у войсках мянушку «Шалёны сабака», разглядаецца Дональдам Трампам як магчымы кандыдат на пасаду кіраўніка Пентагона, паведамляе Reuters.
«Ён вельмі ўражвае. Сапраўды генеральскі генерал!» — напісаў пра сустрэчу з Мэцісам Трамп у сваім твітары.
vox-cdn.com
Мэціс зрабіў кар'еру ў славутым Корпусе марской пяхоты і да вясны 2013 года ўзначальваў войскі ЗША ў самых небяспечных рэгіёнах — на Бліжнім Усходзе, Паўночнай Афрыцы і Цэнтральнай Азіі.
Акрамя мянушкі «Шалёны сабака», ад саслужбоўцаў генерал атрымаў мянушку «Баявы манах», бо на ўсё жыццё застаўся кавалерам. Усё жыццё Мэціс прысвяціў вайне і вучобе - яго прыватная бібліятэка складаецца з больш чым 7000 кніг.
У 2015 годзе Мэціс раскрытыкаваў дзеянні Белага Дома ва Украіне, назваў стан рэчаў «стратэгічнай атрафіяй».
Дзеянні Расіі супраць яе суседзяў, па словах генерала, «куды больш сур'ёзныя і небяспечныя», чым думаюць Вашынгтон і Еўрасаюз.
Ветэраны-марпехі ў інтэрнеце любяць цытаваць «мэцізмы» — шматлікія выказванні «Шалёнага сабакі», які дэманструюць ягоную агрэсіўнасць у баі, стаўленне да важнасці інтэлектуальнага росту, веру ў перавагу хрысціянскай культуры.
Напрыклад:
- «Самы галоўны калібр на полі бою — тыя 6 дзюймаў, які ў цябе паміж вушамі».
- «Малю вас, не звязвайцеся з намі. У адваротным выпадку тыя з вас, хто выжыве, будуць пісаць пра тое, што мы з вамі зробім, усе будучыя 10 000 год».
- «Вы паедзеце ў Афганістан, там мужыкі на працягу пяці год б'юць жанчын за тое, што яны знялі чадру. У такіх мужыкоў няма мужнасці, таму будзе вельмі весела страляць іх».
- «Будзьце ветлівымі, будзе прафесіянальнымі, але заўсёды трымайце план забіць усіх, каго вы сустрэнеце».