БЕЛ Ł РУС

Генсек НАТА прапанаваў Расіі спакайней паставіцца да пашырэння альянсу

25.11.2016 / 07:41

Nashaniva.com

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг не пагадзіўся з пазіцыяй Масквы, якая называе працэс узмацнення групоўкі НАТА ва Усходняй Еўропе правакацыяй. 

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг. Фота Reuters

Пра гэта ён заявіў на лекцыі ў Оксфардскім універсітэце, паведамляе РБК. Відэа лекцыі прыводзіць афіцыйны канал NATO на YouTube.

«Не, я не разумею, калі ў Расіі выказваюць меркаванне, што пашырэнне НАТА ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе — гэта правакацыя», — сказаў Столтэнберг. Генеральны сакратар НАТА «глыбока перакананы» ў тым, што любая нацыя мае права выбіраць «свой шлях». «Гэта не НАТА пашыраецца, а Польшча, Эстонія, Латвія, Літва, Венгрыя самі выказалі жаданне далучыцца да альянсу», — патлумачыў генеральны сакратар. Столтэнберг назваў «немагчымым» адмову гэтым краінам у падтрымцы НАТА праз тое, што Расіі гэта «не спадабаецца».

Ён падкрэсліў, што ні Расія, ні іншыя краіны не маюць права вырашаць лёс суседніх дзяржаў. «Расіі варта было б расслабіцца і прыняць тое, што суседзі могуць самі выбіраць свой шлях», — сказаў Столтэнберг. Пры гэтым ён адзначыў, што НАТА «пакідае адкрытай магчымасць палітычнага дыялогу з Расіяй».

Генеральны сакратар таксама назваў «галоўную прычыну» спынення адносін паміж НАТА і Расіяй. «Галоўная прычына таго, чаму яны змяніліся, гэта анэксія Крыма. Выкарыстанне ваеннай сілы супраць суседа непрымальна. Таму мы [НАТА] павінны былі адказаць. І мы адказалі на гэта павелічэннем нашай ваеннай прысутнасці на ўсходзе, адправіўшы выразны сігнал, што мы гатовыя абараняць усіх нашых саюзнікаў супраць чаго-небудзь падобнага, што адбылося ва Украіне», — падкрэсліў Столтэнберг.

Раней, 7 лістапада, Столтэнберг заявіў, што сотні тысяч вайскоўцаў НАТА будуць пераведзены на ўзмоцнены рэжым нясення службы на фоне напружання, якое ўсё больш нарастае ў адносінах з Расіяй. Камандаванне НАТА хоча падрыхтаваць значную колькасць ваеннаслужачых для стрымлівання «расійскай агрэсіі», адзначаў генеральны сакратар НАТА.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў у інтэрв'ю Associated Press 12 лістапада заявіў, што Расія не адчувае сябе ў бяспецы, калі «сілы НАТА становяцца больш і больш і бліжэй і бліжэй да межаў Расіі». Тады ж ён адзначыў, што спыненне экспансіі НАТА прывяла б да аднаўлення даверных адносін паміж Расіяй і ЗША падчас прэзідэнцтва ЗША Дональда Трампа.

Раней, 21 лістапада, Пуцін заявіў, што Расія «павінна прадпрымаць контрмеры» у адказ на дзеянні НАТА. Ён растлумачыў, што не заўсёды разумее «логіку нашых партнёраў» і ў яго складаецца ўражанне, што заходнім краінам неабходны «знешні вораг» для падтрымання дысцыпліны ў сваіх шэрагах. «Пры ўсіх асцярогах Іран на гэта не вельмі цягне», — сказаў Пуцін.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула