Піўная культура Бельгіі прызнаная ЮНЕСКА спадчынай чалавецтва
ЮНЕСКА прызнала піваварнае мастацтва Бельгіі часткай нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, паведамляе «ЕўраПраўда» са спасылкай на De Standaard.
huffingtonpost.com
Паведамляецца, што па рашэнні ЮНЕСКА «піўная культура ў Бельгіі заслугоўвае таго, каб быць занесенай у спіс шэдэўраў вуснай і нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва».
«Бельгія стала чэмпіёнам свету па піўной культуры. Гэта вельмі прыемная ўзнагарода для ўсіх, хто займаецца півам у нашай краіне», — так пракаментавалі гэтую падзею міністры культуры супольнасцяў Бельгіі.
«Прызнанне ЮНЕСКА з'яўляецца важным маральным стымулам для піўной культуры ў нашай краіне і ўзнагародай для ўсіх тых, хто імкнецца захаваць гэтую багатую культуру», — гаворыцца ў прэс-рэлізе міністраў культуры ўсіх супольнасцяў Бельгіі.
Вядома, што нямецкая супольнасць Бельгіі падала адпаведную заяўку ад імя Бельгіі ў ЮНЕСКА яшчэ ў красавіку 2014 года.
Варта дадаць, што ў Бельгіі налічваецца каля 1500 гатункаў піва і больш за ўсё ў свеце гатункаў мясцовага традыцыйнага піва.