На ўрадавых камп'ютарах Літвы выявілі расійскі шпіёнскі софт
У Літве заявілі, што за кібератакамі на ўрадавыя камп'ютары краіны, якія адбываліся на працягу двух апошніх гадоў, стаіць Расія.
Пра гэта заявіў Reuters кіраўнік літоўскага Цэнтра кібербяспекі Рымтаутас Чарняускас.
Паводле яго слоў, ад 2015 года было тры выпадкі выяўлення расійскага шпіёнскага праграмнага забеспячэння на ўрадавых камп'ютарах, а ў 2016 годзе адбылося 20 спроб заражэння.
«Шпіёнскае ПЗ, якое мы знайшлі, працавала не менш за паўгода да таго, як было выяўлена, падобна на тое, як гэта было ў ЗША», — адзначыў Чарняускас.
Шпіёнскія праграмы пераносілі ўсе дакументы і паролі, уведзеныя на вэб-сайтах па адрасах, якія звычайна выкарыстоўваюцца расійскімі спецслужбамі.
«Гэта толькі пацвярджае спробы пранікнуць у нашу палітычную сферу», — сказаў Чарняускас.
Літоўскія службовыя асобы, камп'ютары якіх заражаныя расійскім шпіёнскім ПЗ, займаюць сярэдні і нізкі ранг ва ўрадзе, аднак праз іх ПК праходзіў паток праектаў урадавых рашэнняў па розных пытаннях.