Гаспадар «Контэ Спа» выкупіў акцыі Тураўскага малочнага камбіната
Кампаніі, падкантрольныя бізнэсмену Валянціну Байко, сталі акцыянерамі «Тураўскага малочнага камбіната» (ТМК). Інфармацыя пра гэта размешчана на сайце ТМК, паведамляе партал TUT.BY.
Валянцін Байко.
У цяперашні час акцыянерамі ТМК з'яўляюцца «Прэм'ерлізінг» Ігара Чарняўскага, Белаграпрамбанк, «Контэ Спа» і «ОДКрегион». Іх долі не называюцца.
Раней акцыянерамі завода былі «Прэм'ерлізінг» і даччынае прадпрыемства Белаграпрамбанка ААТ «Тураўшчына» і ААТ «Агралізінг».
«Контэ Спа» Валянціна Байко — адзін з найбуйнейшых у СНД вытворцаў панчошна-шкарпэткавай прадукцыі і трыкатажу. «ОДКрегион» з'яўляецца эксклюзіўным дыстрыб'ютарам у Беларусі кампаніі «Контэ Спа».
Суму здзелкі бакі не раскрываюць.
«З банкам форвардная здзелка. Летам акцыянерамі завода застанемся мы і «Контэ», — сказаў TUT.BY Ігар Чарняўскі.
Паводле ацэнак TUT.BY, група «Контэ Спа» інвестуе ў праект каля 20 млн даляраў. Валянцін Байко адмовіўся назваць суму ўкладанняў.